Хоць мы тут лірычную композыцыю маем і Бальмонтаўскую, затое адчуваем беспасрэднасьць і вялікую шчырасьць настрою маладога поэты, такіх вершаў мы ў зборніку маем некалькі. Толькі вось адно мяне дэтануе: у „Сонечных сьцежках" адчуваецца падвойнасьць душы і настрояў поэты. Так, у вадным вершы ён верыць, што
Мастацкі дух ніколі не памра. |
Так мастацкі дух бясьсьмертны „ня вычарпаць гадамі і вякамі", гэта дух крылаты, з ім толькі за песьняй у пагоню. У другім-жа сваім вершы Алесь Дудар як-быццам скардзіцца, жальбуе, што ня мае крыльляў мастацкага духу:
Каб былі, каб былі ў мяне крыльлі, |
Гэта падвойнасьць адчуваецца у падыходзе і да тэматыкі:
Што капацца ў архівах стагодзьдзяў |
І тут-жа чытаем нізку вершаў на гістарычныя тэмы, да якіх ўзяў такі эпіграф з Ул. Жылкі:
Мы любім даўныя паданьні, |
Далей ён то поэта ўрбаністы, то поэта вёскі і г. д.
Гэта, памойму, у некаторай ступені дае нам пазнаць мастацкае „Я" поэты. Яно яшчэ ня выкрышталілася ў нешта сталае і пэўнае, яшчэ яно стаіць на сонечным раздарожжы. Бо-ж і падвойнасьць яго ня ёсьць нешта ўзьведзенае ў стройную сыстэму, a часамі звычайная супярэчнасьць фактаў і мастацкіх прыёмаў.
У цэлым мастацкай вартасьці зборніку шкодзіць:
а) Жыцьцёвая няпраўда, як:
Беларусь мая ў фабрычных трубах...
або:
А Менск толькі бровы нахмурыў,
Ашчацініўся стрэламі труб.
б) Тандэтная агітацыя:
Хай дзяўчаты да раніцы гуляюць, |
в) Шаблённасьць:
І Ільліч прыжмурыў вока на сьцяне.
і г) Мітынгоўшчына:
Аднаму забітаму на зьмену
Стануць сотні новых змагароў.
Да ўсяго гэтага неабходна дадаць, што Алесь Дудар часамі неахайна адносіцца да лексыкону сваёй поэзіі. Мы вельмі часта ў яго спатыкаем русыцызмы, якія на глянцавітай паверхні яго поэзіі зьяўляюцца іржавымі шрамамі. Яны часамі псуюць вельмі і вельмі мілагучнасьць яго вершаў. Каб ня быць галаслоўным, вось узоры русыцызму: нежная, ламаецца, заклубіліся, тусклы, меткія, заглохла, прычаліў, мечацца, кайма, зарыдала і інш.