Цяпер ужо Маўглі супакойваў буйвалаў, а Акела застаўся далёка ззаду, падганяючы адсталых. Круг трэба было зрабіць досыць вялікі, бо Маўглі не хацеў заўчасна набліжацца да яра, каб не спудзіць Шэр-Хана.
Нарэшце Маўглі дайшоў да пачатку яра і прыпыніў свой ашалелы статак на зялёнай палянцы, што стромка спускалася ў яр. Адсюль відаць былі верхавіны дрэў і ўвесь сухадол да самай раўніны. Маўглі глядзеў на бакі рова і з задавальненнем бачыў, што яны ўздымаюцца вельмі стромка і наўрад ці дадуць мажлівасць тыгру вылезці на верх.
— Дай ты ім перадыхнуць, Акела! — крыкнуў Маўглі, падняўшы руку. Яны яго яшчэ не пачулі, хай крыху адпачнуць. Я сам скажу Шэр-Хану, што ён трапіў у пастку.
Ён прыставіў рукі да рота і крыкнуў у яр, нібы ў тунель — і рэха пакацілася ад скалы да скалы.
Праз некаторы час унізе пачуўся рык сытага, разбуджанага тыгра.
— Хто там крычыць?
— Гэта я, Маўглі! Час ужо ісці на Скалу Рады! Уніз гані іх, уніз, Акела! Уніз, Рама! Уніз!
Жывёлы крыху затрымаліся былі на беразе рова, але Маўглі выдаў гучны паляўнічы кліч, і буйвалы кінуліся адзін за адным уніз, нібы ўжо рушыліся, дык спыніць іх нішто не магло, і перш як яны спусціліся на дно рова, Рама ўжо пачуў Шэр-Хана і зароў.
— Ха-ха-ха! — смяяўся Маўглі, седзячы на спіне Рамы. — Цяпер ужо і ты ведаеш, у чым справа!