рыю пра чараўніцтва, закляцці, перавертняў, і падняў на ногі ўсю вёску на чале з жрацом.
Маўглі тымчасам завіхаўся ля тыгра і толькі пад вечар, з дапамогаю ваўкоў, аддзяліў пышную скуру ад мяса.
— Цяпер трэба гэта схаваць і адвесці буйвалаў дахаты. Памажы мне сабраць іх, Акела!
Калі ў туманным змроку гурт падышоў да вёскі, Маўглі ўбачыў агні і пачуў сігналы і званы ў храме. Каля ваколіцы яго чакала бадай што палова вёскі.
"Мусіць таму, што я забіў Шэр-Хана!" — падумаў Маўглі.
Але тут засвісцелі каля яго вушэй каменні і пачуліся крыкі сялян:
— Чараўнік! Воўчы вырадак! Чорт з Джунгляў! Ідзі прэч! Ідзі хутчэй адсюль, а то жрэц зноў пераверне цябе ў ваўка! Страляй, Бульдэа, страляй!
Старая салдацкая стрэльба стрэліла з грукатам, і ў адказ пачулася жалабнае муканне маладога буйвала.
— Зноў чары! — закрычалі сяляне. — Ён умее замаўляць кулі! Бульдэа, гэта-ж твой буйвал!
— Што гэта такое? — здзівіўся Маўглі, калі зноў пасыпаліся каменні.
— Але яны не лепшыя за нашу Зграю, гэтыя твае браты! — спакойна прамовіў Акела, усеўшыся на зямлі. — Калі кулі што-небудзь азначаюць, дык мне здаецца, што яны хочуць цябе прагнаць.
— Воўк, воўчае шчанё, ідзі прэч! — зароў жрэц, размахваючы галінай святога дрэва тульсы.