— Глядзіце добра, о Ваўкі, ці выканаў я свае слова? — прамовіў Маўглі.
І ваўкі загаўкалі: — Так!
А адзін аблезлы воўк завыў:
— Кіруй намі зноў, Акела! Вадзі нас зноў, о Чалавечае Дзіцянё, бо нам абрыдла жыць без Закону, і мы хочам быць зноў Вольным Племем!
— Не! — прамармытала Багіра. — Гэтага не будзе. Калі вы будзеце сытыя, дык зноў звар'яцееце.
— Чалавечая Зграя і Воўчая Зграя прагналі мяне, — сказаў Маўглі. Цяпер я буду адзін паляваць у Джунглях!
— І мы будзем паляваць разам з табою! — дадалі чацвёра яго братоў.
Потым Маўглі ўскочыў на скуру Шэр-Хана і пачаў спяваць пра тое, як ён жыў сярод людзей, як забіў Шэр-Хана, як людзі яго прагналі, і ён вярнуўся ў Джунглі, каб жыць сярод сваіх; і яшчэ спяваў ён пра невядомыя пачуцці, якія раздвойваюць яго і пра невядомы сум, які ляжыць на яго сэрцы...
З таго часу Маўглі паляваў у Джунглях адзін з чатырма маладымі ваўкамі.