— Ён забірае грошы, — сказала Месуа. — Нічога іншага мы не можам узяць з сабой.
— А, гэта тая штука, што пераходзіць з рук у рукі і не награецца? Няўжо-ж яна патрэбная ў іншых месцах? — здзівіўся Маўглі.
Мужчына пахмура ўтаропіўся ў яго.
— Ён дурань, а не д'ябал! — прамармытаў ён. — За грошы я магу купіць каня! Мы надта змучаныя, каб ісці далёка пешшу, а вёска праз гадзіну пагоніцца за намі.
— Я кажу: яны не пагоняцца, калі я гэтага не захачу. Але пра каня ты дарэчы падумаў, бо Месуа знясіленая.
Мужчына ўстаў і завязаў свае рупіі ў пояс. Маўглі дапамог Месуа выбрацца праз акно, і халоднае начное паветра асвяжыла яе. Але Джунглі пры святле зорак здаваліся суровымі і страшнымі.
— Вы ведаеце след у Канхівару? — шапнуў Маўглі.
Яны кіўнулі галавой.
— Добра. Памятайце-ж, што вам не трэба баяцца і няма патрэбы надта спяшацца. Можа толькі паперадзе і ззаду ад вас пачуеце лёгкае пяянне...
— Няўжо-ж ты думаеш, што мы рызыкнулі-б пайсці ўначы ў Джунглі, калі-б нам не пагражаў касцёр? Лепш загінуць ад звера, як ад людзей! — сказаў муж