Нарэшце (і ў гэты момант у Маткі Ваўчыхі поўсць на шыі стала дыбам) Бацька Воўк выпхнуў на сярэдзіну "Маўглі-Жабянё", як яго называлі. Той усеўся сабе на зямлі і, смяючыся, пачаў гуляць з каменьчыкамі, што блішчэлі ў праменнях месяца.
Акела не падымаў галавы і аднастайна выкрыкваў:
— Добра глядзіце!
Глухі рык пачуўся па-за скаламі — гэта быў голас Шэр-Хана:
— Дзіцянё — маё! Аддайце яго мне! Навошта патрэбна Вольнаму Племю Чалавечае Дзіцянё?
Акела не звярнуў на гэта ўвагі і толькі сказаў:
— Глядзіце добра, о Ваўкі! Якая справа Вольнаму Племю да чыіхсь там загадаў, апрача вольнага Племя? Добра глядзіце! Пачулася шматгалосае рыканне, і малады чатырохгадовы воўк кінуў Акелу пытанне Шэр-Хана:
— Якая патрэба Вольнаму Племю ў чалавечым дзіцяці?