— Новую дзічыну? І добрае было паляванне? — жвава павярнуўся да яго Маўглі.
— Гэта была не дзічына, я б паламаў аб яе ўсе свае зубы. Але Белы Каптур расказаў мне, што Чалавек — а яго Каптур добра ведае — аддаў бы сваё жыццё, каб толькі зірнуць на гэтыя рэчы.
— Паглядзім, — сказаў Маўглі. — Здаецца, і я калісьці быў Чалавекам.
— Пачакай, пачакай! Мы з ім гутарылі пад зямлёй, і я казаў пра цябе, пра тое, што ты Чалавек. І сказаў мне Белы Каптур (ён стары, як самі Джунглі): — "Даўно я не бачыў Чалавека. Няхай ён прыйдзе і паглядзіць на гэтыя рэчы, за горшую з якіх гатова памерці шмат людзей".
— Пэўна, гэта новая дзічына. І Атрутнае Племя не хоча нам казаць пра яе. Негасцінны яны народ!
— Гэта не дзічына, гэта... гэта... Я не магу растлумачыць, што гэта такое!
— Пойдзем туды! Я не бачыў Белых Каптуроў, ды і хацеў бы паглядзець на ўсе гэтыя рэчы. Што, яны забілі іх?
— Яны ўсе і былі мёртвыя. Ён называе сябе вартаўніком гэтых рэчаў.
— Ага, гэта нібы воўк, які рыкае над мясам, што прынёс у сваё логава. Хадзем!
Маўглі выскачыў на бераг, пакачаўся ў траве, каб выцерціся, і абодва прыяцелі накіраваліся да Халодных Пячор. Цяпер Маўглі ўжо не баяўся Малпавага Племя, затое Бандар-Лог дрыжалі ад аднаго імя Маўглі. Ды ў гэтую ноч іх не было ў Халодных