чыстай слановай касці, а востры сталёвы канец быў аздоблен залатым малюнкам палявання на сланоў. Гэтымі малюнкамі і зацікавіўся Маўглі, бо яны мелі дачыненне да яго прыяцеля Хаці.
Белая Кобра ўвесь час сачыла за ім.
— Ну, што? — пыталася яна. — Няўжо ж не варта памерці, каб убачыць усё гэта? Ці не вялікую ласку зрабіла я табе?
— Не разумею, — адказаў Маўглі. — Усе гэтыя рэчы цвёрдыя, халодныя і іх нельга есці. Але вось гэтую штуку — і ён падняў анк — я хачу ўзяць з сабой і паглядзець на яе пры сонцы. Ты кажаш, што ўсё гэта належыць табе. Ці не аддасі ты мне яе? А я затое прынясу табе жаб.
Белая Кобра аж дрыжала ад злоснай радасці.
— Вядома аддам! — сказала яна. — Усё, што тут ёсць, я табе аддаю, пакуль ты не захочаш выйсці:
— Але я зараз іду! Тут цёмна і холадна, і я хачу ўзяць гэтую востраканечную штуку з сабой у Джунглі.
— Зірні сабе пад ногі. Што ты там бачыш?
Маўглі падняў нешта белае і гладкае.
— Гэта косць ад чалавечага чэрапа — спакойна прамовіў ён. — А во і яшчэ дзве!
— Яны прыходзілі сюды па скарб шмат гадоў назад. Я пагутарыла з імі ў цемры — і яны супакоіліся...
— Ды мне зусім і не патрэбны гэты так званы скарб! Аддасі мне анк — дык будзе Добрае Паляванне, а не — усё роўна будзе Добрае Паляванне. Я не б'юся