Нарэшце ён прыйшоў да Багіры, якая адпачывала каля вадапою пасля цяжкага палявання. Маўглі расказаў пантэры пра ўсе свае прыгоды з пачатку да канца. Багіра слухала і час ад часу абнюхвала анк. Калі Маўглі дайшоў да апошніх слоў Кобры, Багіра замуркала ў знак згоды.
— Значыцца, Белы Каптур сказаў праўду? — здзівіўся Маўглі.
— Я нарадзілася ў царскіх клетках у Удэйпуры, і здаецца, ведаю людзей. Шмат хто з іх гатоў зрабіць тры забойствы за ноч дзеля такога чырвонага камня.
— Але ад камня гэтая штука робіцца толькі цяжэйшай. Мой бліскучы ножык куды лёпшы. А вось глядзі: чырвоны камень нават есці нельга. Завошта тут забіваць?
— Ідзі выспіся, Маўглі. Ты жыў сярод людзей і ўсё ж такі...
— Успомніў ужо! Людзі забіваюць не таму, што палююць. Яны забіваюць дзеля пацехі і таму, што ім няма чаго рабіць. Для чаго ж зроблена гэтая востраканечная штука?
Багіра крыха расплюшчыла вочы — ёй вельмі хацелася спаць — і хітра падміргнула.
— Людзі зрабілі гэтую штуку для таго, каб утыркаць яе ў галаву сыноў Хаці, каб лілася кроў. Я гэта бачыла на вуліцах Ідэйпура перад нашымі клеткамі. Гэтая штука пакаштавала крыві вельмі многіх Хаці.
— Навошта яны ўтыркаюць яе ў галовы сланоў?
— Каб навучыць іх Чалавечаму Закону. Не маючы ні кіпцюроў, ні зубоў, людзі майструюць гэтыя штукі, ды робяць яшчэ і горшыя справы.