— Паглядзім, ці праўду сказаў Каптур. Калі востраканечная штука — смерць, дык гэты чалавек памрэ. Пойдзем за ім!
— Падмацуйся спачатку, — параіла Багіра. — На пусты жывот вока дрэнна бачыць. Людзі — целяпні. У Джунглях вільготна, і сляды добра адбіліся.
Яны злавілі першую, якая трапілася, дзічыну, але толькі праз тры гадзіны адчулі сябе сытымі як мае быць, напіліся і пайшлі, схіліўшыся, па следу. Жыхары Джунгляў ведаюць, што абедаць са спешкай нядобра.
— Няўжо-ж ты думаеш, што востраканечная штука павернецца ў руцэ чалавека і заб'е яго? — пытаўся Маўглі.
— Гэта мы ўбачым, — сказала Багіра, не падымаючы галавы. — След — аднаногі (яна хацела сказаць, што гэта след аднаго чалавека), і ад цяжару той штукі пяткі яго глыбока ўціснуліся ў зямлю.
— Так, гэта ясна, як летняя маланка, — сказаў Маўглі, і яны хутка пабеглі па плямах месяцавага святла, не спускаючы вачэй са слядоў ад пары голых ног.
— Цяпер ён шпарка бяжыць, — заўважыў Маўглі. — Канцы ног рассунуліся ў бакі. Але чаму след тут заварочваецца?
— Пачакай! — сказала Багіра і зрабіла велізарны, адмысловы скачок (калі след робіцца невыразным, яго трэба пераскочыць, каб не заблытаць сваімі ўласнымі слядамі).
Там яна павярнулася да Маўглі і крыкнула: