Гэта старонка была вычытаная
— Тут ідзе насустрач другі след! У гэтага следу нага маленькая і пальцы павернуты ў сярэдзіну.
Маўглі падбег і прыгледзеўся.
— Гэта нага паляўніка-гонда, — сказаў ён. — Глядзі! Вось ён валачыў свой лук па траве... Дык вось чаму першы след так раптоўна звярнуўся ў бок: Вялікі хаваўся ад Малога.
— Верна, — згадзілася Багіра. — Ну, а цяпер, каб не блытаць слядоў, кожны з нас хай возьме асобны след. Я буду Вялікая Нага, а ты — Малая Нага.
Багіра кінулася па першаму следу, а Маўглі схіліўся над следам малога ляснога дзікуна.
— Такім чынам, — казала Багіра, ідучы па следу крок за крокам, — я, Вялікая Нага, тут заварочваю ў бок. Цяпер я хаваюся за камень і ціха стаю, баючыся крануць нагой. Крыкні свой след, Братка!