Бацька Воўк і Маці Ваўчыха памерлі. Маўглі прыкаціў да ўваходу вялізны камень і праспяваў над трупамі Песню Смерці. Балу састарэўся і аслаб. Нават Багіра, жылы якой былі, як сталь, і мускулы, як жалеза, нават яна здавалася не такой спрытнай у бойцы.
Акела з шэрага зрабіўся белым. Рэбры вытыркаліся з яго бакоў і хадзіў ён, як драўляны. Маўглі забіваў для яго здабычу.
Затое маладыя ваўкі, дзеці распушчанай Сіанійскай Зграі, жылі добра і павялічваліся. І калі сярод іх набралося дзесятка чатыры пяцігадовых, Акела сказаў ім, што яны павінны аб'яднацца выконваць Закон, пад кіраўніцтвам адзінага начальніка, як належыць Вольнаму Племю.
Маўглі не прымаў ўдзелу ў гэтай справе, і казаў што ён ужо пакаштаваў кіслых пладоў і ведаў дрэва, на якім яны растуць. Але калі Фао, сын Фаона (бацька яго быў галоўным выведнікам дзічыны ў часе кіравання Акелы), паводле Закону Джунгляў у бойцы заваяваў пасаду правадыра, і калі стары кліч і старыя песні зноў пачуліся пад зоркамі, — Маўглі ўспомніў мінулае і зноў пачаў наведваць Скалу Рады. Садзіўся ён звычайна побач з Акелам, крыху вышэй ад Фао, і калі ён гаварыў, уся Зграя ўважліва слухала і не перапыняла яго.
Гэта былі добрыя дні палявання і салодкага сну.