Гэта старонка была вычытаная
— Калі яны пагоняцца за табой, сляпыя ад злосці, дык тыя, што не загінуць наверсе, кінуцца ў ваду ці тут, ці ніжэй. А Вайнгунга — галодная рака. Ім ніхто не дапаможа, як табе, і іх панясе да мялізны каля Сіанійскіх пячор, а там твая Зграя перахопіць іх.
— Агаі! Эоўэўа! Лепшага не выдумаць да самых дажджоў! Я мяркую не толькі пабегаць ды паскакаць. Я хачу паказацца перад Дхоламі так, каб яны не адсталі ад мяне ні на крок.
— Ці бачыў ты скалы наверсе, з зямлі?
— Не, я ніколі не быў там.
— Дык ідзі і паглядзі. Гнілая зямля, уся ў ямінах. Калі няўдала паставіш нагу — будзе канец паляванню. Заставайся тут, а я перадам тваёй Зграі, дзе ім чакаць Дхолаў. Раблю я гэта дзеля цябе, бо сам я не прыходжуся сваяком ніякім ваўкам.