— Скінуўшы скуру, мы не ўлазім у яе зноў, — дадаў Каа. — Гэта — Закон.
— Слухай, любы мой! — зноў пачаў Балу. — Няма такога слова, якое магло-б утрымаць цябе. Хто можа пытацца Ўладара Джунгляў? Я бачыў цябе, калі ты з'явіўся сюды першы раз і гуляў вунь там з белымі каменьчыкамі. І Багіра, што выкупіла цябе за быка, таксама бачыла цябе. З усіх, што тады былі, засталіся толькі мы двое. Ракша, маці твая, памерла разам з бацькам. Старая воўчая зграя даўно павымірала. Ты ведаеш куды дзеўся Шэр-Хан. А Акела загінуў сярод Дхолаў, ад якіх загінула-б і другая Сіанійская Зграя, каб не твая мудрасць і сіла. Засталіся толькі старыя косці. Не Чалавечае Дзіцянё пакідае Зграю сваю, а Ўладар Джунгляў змяняе свой след. Хто можа пытацца Чалавека пра яго шлях?
— Але Багіра, і Бык, што выкупіў мяне? — казаў Маўглі.
— Я не хачу...
Словы яго перапыніў гучны трэск і рэў у пушчы.