які ўсе гэтыя рэчы добра ведае, і як Хаці згадзіўся павесці Маўглі да сажалкі, каб вывучыць Змяінае Слова ад Вадзяной Змяі, бо Балу не ўмеў вымавіць яго; Маўглі цяпер досыць забяспечаны ад усялякіх выпадковасцей: у Джунглях цяпер ужо ні змяя, ні птушка, ні звер не пакрыўдзяць яго!..
— Значыцца, баяцца няма каго! — з гонарам скончыў Балу, пагладжваючы лапай сваё вялізнае лахматае бруха.
— Апрача ўласнага племя, — прамармытала Багіра, а потым, ужо голасна, звярнулася да Маўглі. — Пашкадуй мае рэбры, Братка! Што за скокі на маёй спіне?
Тымчасам Маўглі яшчэ больш пачаў таўчы нагамі і нават скубсці ёй поўсць на плячах, каб звярнуць да сябе яе ўвагу. Ён крычаў ва ўсё горла:
— У мяне будзе ўласная зграя, і я буду вадзіць яе па дрэвах цэльныя дні!
— Гэта што за новая блазнота, малы свавольнік? — спыталася Багіра.
— Але, і буду кідаць гніллём у старога Балу, — казаў далей Маўглі. — Яны мне гэта абяцалі. Ай!
Вялізная лапа Балу сцягнула Маўглі са спіны Багіры, і хлопчык, сціснуты пярэднімі лапамі, убачыў над сабой гнеўны твар мядзведзя.
— Маўглі, — сказаў Балу, — ты гутарыў з Бандар-Логам — Малпавым Народам?
Маўглі зірнуў на Багіру, ці не злуе таксама і яна, і ўбачыў, што вочы пантэры жорстка свецяцца.
— Ты быў у Малпавага Племя — у шэрых малпаў — у народа без Закону, усяжэрных стварэнняў? Які сорам!