Ад сцен пачуўся ціхі стогн, нібы шолах ад ветру ў верхавінах дрэў:
— Нам відаць, о Каа!
— Добра. Цяпер пачынаецца танец — Танец Голаду Каа. Сядзіце ціха і глядзіце!
Ён тры разы абышоў навакол, матаючы галавой направа і налева. Потым пачаў вырабляць петлі і васьмёркі сваім целам, мяккія зыбастыя трохвугольнікі, якія пераходзілі ў чатырох-пяцівугольнікі; то ён звінаўся ў кальчаты вал, то развінаўся ў ламаную лінію, безупынна, не спяшаючыся, і ўвесь час не спыняўся яго глухі, аднастайны зык. Цемень насоўвалася і, нарэшце, схавала яго рухавыя кольцы, толькі шолах лускі чуўся з цемры.
Балу і Багіра стаялі, як скамянелыя, у горле іх булькатала, шыі натапырыліся. Маўглі здзіўлена пазіраў на гэтае з'явішча.
— Бандар-Лог! — пачуўся, нарэшце, галос Каа. — Ці можаце вы варухнуць рукой ці нагой без майго загаду? Адказвайце!
— Без твайго загаду мы не можам варухнуць ні рукой, ні нагой, о Каа!
— Добра! Станьце ўсе на крок бліжэй да мяне!
Шэрагі малпаў бездапаможна хіснуліся наперад, і Балу з Багірай таксама ступілі наперад здрантвелымі нагамі.
— Бліжэй! — сіпеў Каа, і ўсе пасунуліся бліжэй.
Маўглі ўхапіўся рукамі за Балу і Багіру, каб адцягнуць іх прэч, і абодва вялізныя звяры ўздрыгануліся, нібы прачнуўшыся ад сну.
— Трымай сваю руку на маім плячы, — прашап