малодшага, але свабоднага ад татарскай навалы, і гэты новы асяродак становіцца прыцягаючай сілай, якая ў першы чарод зьбірае каля сабе ўсе крыўскія землі, а, ўрэшце, абыймае і калыбку Ўсходнага хрысьціянства — Кіяў. Новагорадзка-Віленска-Кіяўская царкоўная ўлада стараецца аб кіраваньне ўсім Усходным славянствам і падбівае на гэта сьвецкую ўладу. Але паволжская — Ростава-Суздальска-Маскоўская Русь — засланяецца патужнай апекай сваіх заваёўнікаў татараў і выступае на змаганьне супроць Літвы-Крывіі за царкоўнае кіравецтва. „Людзі крыві і лесьці“ як у адным, так і ў другім абозе разумеюць, што ў чыіх руках будзе вера, ў тых руках рана-позна апынецца і ўлада над усім Усходным славянствам. Усе шансы былі па старане Літвы-Крывіі, аднак калясо гісторыі ізноў павярнулася ў другі бок, і амбітныя надзеі нашых прапрашчураў разьбіліся: в. кн. Літоўска-Крыўскі і Рускі Ягайла прыняў лацінскі абрадак. Ростава-Суздальска-Маскоўская Русь выйграла: яна асталася адзінай праваслаўнай дзяржавай на Усходзе, носьбіткай і шчытом благачэсьця супроць насуваючагася „рымского полуверия“.
Так закончыўся першы кругабег гісторыі хрысьціянства ў крыўскіх землях, награмаджаючы новы бязвыхадны круг, праўдзівы лябірынт, супярэчнасьцяў.
Апынуўшыся ў межах злучанай дзяржавы, Крывічы і Палякі павінны былі няўнікнёна ўплываць адны на адных. У момант збліжэньня крыўскіх зямель з Польшчай першыя прыходзілі з ачавістым духовым дабыткам у постаці значнага засабу духоўнай пісьменнасьці, вырабленай мовы, калі не народнай, то блізкай да мовы народу і ў кождым здарэньні, пры нават слабым высілку, зразумелай яму, а такжа — з адміністратыўна-дзяржаўнай пісьменнасьцю. Гэта адбылося ў той час, калі Польшча яшчэ і нядумала аб сваім вызваленьні з пут мёртвай сярэднявечнай лаціны. Двор Ягайлы з ужыванай пры ім у канцэлярыях і ў дыплёматыцы крыўскай мовай і пісьменнасьцю спрычыніўся з аднаго боку да адраджэньня польскай мовы, з другога боку — да паўстаньня першых помнікаў польскай пісьменнасьці.
Уплыву „рускай“ (крыўскай і украінскай) мовы на польскую не адкідаюць лепшыя польскія моваведы і гісторыкі. Прыкладам, вядомы пісьменнік і гісторык польскі Крашэўскі кажа: „Wažną epokę w dziejach języka (польскага) stanowi złączenie Litwy i Rusi z Polska za Władysława Jagiełły. Z tym prawie czasem w języku ludu trwający od X w. Wpływ bezpośredni Niemców i Czechów, a nastaje Ruski. — Stosunki na wschód otwieraja się, dwór mówi po Rusku, język ten staje się pośrednikiem między Litwą a Polską… Jego (Александра) panowanie i stosunki z Rusia przytrzymały czas jakiś język w formach więcej Słowianskich, mieszając go często z dialektem pobratymczaj, a mniej zdenaturalizowanej kultura zachodnia, Rusi. Pobyt dworu I panów w Litwie takže się do tego przykłada“. („Nowe studja literackie“, Варшава, 1843).
Першыя пераклады духоўных кніг на польскую мову былі роблены калі не вылучна са славянскіх арыгіналаў, крыўскай ці украінскай рэдакціі, то пад сільным іх уплывам. Гэтак, адзін з найстарэйшых помнікаў польскай пісьменнасьці, т. зв. Флёрыянцкі псалтыр (канца XV або пачаткаў XVI ст.), мае ў сабе сільныя рускія, а нават, судзячы паводле некатарых слоў, крыўскія ўплывы. У псалтыры сустрачаюцца гэткія ня польскія словы: