Старонка:Лекары і лекі, Два жаніхі.pdf/37

Гэта старонка не была вычытаная

Дачка

Ды нейкі шляхціц, гандляр сьвіньнямі, сягоньня прыедзе.

Мікода

Пэўна і сам добры кабан. Ха-ха-ха. Але-ж ты мяне не прамяняеш ні на кога? (Кладзе клумак і жартуе з Дамінісяй).

Дачка
(вырываючыся, ды зноў падыходзячы, жартуе).

Дык вось слухай! Трэба сьпяшацца, бо скора прыедзе: дык ты навучы, як ад яго збавіцца.

Мікода (падумаўшы).

Добра. Надумаў. Ён цябе яшчэ ня бачыў?

Дачка

Не.

Мікода

Ты што сказала матцы?

Дачка

Што я згаджаюся; спадзяючыся на тое, што ты мяне навучыш, як прагнаць яго.

Мікода

Добра. І вось як яго прагонім, дык ты кідайся ў обмарак і ў істэрыку — крычы — замуж.

Дачка

А што тады?

Мікода

А тады пабачым. Дапамагчы і суседку папрашу.

Дачка

Як? Кажы хутчэй.

Мікода

Потым даведаешся. Не дарма-ж сягоньня мне ў клюбе радзілі, пасьля спэктаклю, каб я кідаў фабрыку а пашоў у артысты…

Дачка

Дык навучы-ж мяне, што мне рабіць?