Мікода
Так, мой любы! (Садзіцца побач і б‘е моцна па плячы).
Зыгмусь
(узяўшыся рукой за балючае плячо, зморшчыўшыся, у бок).
Ну й ручка, каб яна табе адсохла. Далікатная.
Мікода
Што-ж мы будзем яшчэ жаніўшыся рабіць?
Зыгмусь
Мама казала, дзетак гадаваць.
Мікода
У мяне дзяцей ня будзе.
Зыгмусь
Адкуль-жа вы ведаеце? Гы-гы.
Мікода
Ды гэта кожны ведае.
Зыгмусь
Вы зноў жартуеце.
Мікода
Мы заместа дзяцей будзем лепш гадаваць парасят.
Зыгмусь
І то праўда, ад іх будзе больш карысьці.
Мікода
Што-ж вы мяне ні разу не пацалавалі ў руку? (Падносіць да вуснаў руку).
Зыгмусь
(няведаючы нашто, цалуе).
Мікода
Пацалуйце кожны пальчык.
Зыгмусь
(пацалаваўшы, устае і адвярнуўшыся гаворыць).
Яна, чорт ведае, што зараз загадае рабіць.
Мікода
Сядайце, мы з вамі ні да чога яшчэ не дагаварыліся. (Падае крэсла і прымае).