За ўвесь час нашаго суседзкага і супольнага жыцьця, мы бачылі і бачым з боку Польшчы адно аблыганство, адзін зьдзек, адно катаваньне нашага народу, які пакуль не знаў польскіх паноў, жыў вольным гаспадаром на сваей зямлі, не знаючы ні бяды ні гаспадарскіх недастаткаў.
Паны і толькі польскія паны, прывязьлі з Польшчы і накінулі нашаму народу ярмо крэпастнога права. Яны і мучылі і зьдзекаваліся над намі да паншчыны, пры паншчыне і пасьля паншчыны. Адгэтуль і выйшла тая пагаворка: „нас б‘юць і плакаць не даюць“ альбо „паны б‘юцца, а ў хлопцаў чубы трашчаць“. Бо калі пан нічога ня мог зрабіць пану, тагды ён сваю злосьць вымешчаў на нявінных селянах свайго ворага.
Паны, з рожнымі сваімі падпанкамі, нас мянялі, прадавалі, катавалі і забівалі. Для іх мы былі працоўным быдлам і толькі. Кожнаму з нас ведама, што яны куды больш шкадавалі і лепш абходзіліся са сваімі сабакамі, чым з намі.
Прыпомніце толькі, каго з нашых дзядоў і бацькоў ня сек панскі бізун і панская розга, хто з нас не плакаў ад панскай ласкі…
Мы, беларусы, будучы людзьмі нямсьцівымі забылі старыя, цяжкія і горкія крыўды і гатовы былі нават прабачыць іх — гаворучы пры гэтым—што так не па людзку і не па Божаму паступала старая Польшча, цяпер-жа гэтага ня можа быць. Сам польскі народ не пазволіць гэтакаго зьдзеку. К вялікаму жалю і на гэты раз мы горка абмыліліся.