Ды вось яны ўтрайгу павярнуліся да Аксаны. Адзін стары Багдан сеў у рагу на лаўцы, схіліў чуб, сядзіць пакуль пан чаго ня прыкажа. А Аксана ў рагу, каля печы стала, вочы спусьціла, сама пачырванела ўся, як той мак сярод ячменю. Ох, мусі, чула небарачка, што праз яе ліхо будзе. Вось так сама, скажу табе, хлопча: ўжо калі тры чалавекі на адну бабу пазіраюць, дык ад гэтага ніколі дабра ня бывае — нямінуча да чуба дзело дайдзе, калі ня горш. Я-ж гэта ведаю, бо сам бачыў.
— „Ну, што, Ромусь, — сьмяецца пан, — ці добрую я табе жонку высватаў?“
— „А што-ж, — Раман адказвае. — Баба, як баба, нічога!“
Паціснуў тут плячыма Апанас, падняў вочы на Аксану дый кажа паціху:
— „Але, — кажа, — баба! Хоць-бы й ня гэтакаму дурню дасталася“.
Раман пачуў гэтае слово, адвярнуўся да Апанаса, дый кажа яму:
— „А чым жа ж гэта я, пане Апанасе, вам за дурня здаўся? Эгэ, скажэце мне!“
— „А тым, — кажа Апанас, — што ня зможаш сваю жонку ўсьцерагчы, тым ў дурань…“
Вось якое слово сказаў яму Апанас! Пан навет нагою тупнуў, Багдан паківаў галавою, а Раман падумаў з мінюту, а пасьля падняў голаў ды паглядзеў на пана.
— „А чаго-ж мне яе сьцярагчы? — кажа Апанасу, а сам ўсё на пана пазірае. — Тут, апрача зьвера, ніякага чорта й няма, вось хіба міласьцівы пан калі заедзе. Ад каго-жа мне жонку сьцярэгчы? Глядзі ты варожы казача, ты мяце не драчы, а то я мо‘ й за чуб пацягну.“