Вось ужо тут пан засердаваў, піхнуў казака, як сабаку, нагою.
— „Ідзі ты ад мяне прэч! Ты, мусі, не казак, а баба! Ідзі ты ад мяне, а то каб як з табою ня было кепска… А вы што сталі, хамаво племя? Ці я ня пан вам болей? Вось я вам такое пакажу, чаго й вашые бацькі ад маіх бацькоў ня бачылі!..“
Ўстаў Апанас на ногі, як цёмная хмара, з Раманам пераглянуўся. А Раман збоку стаіць, на стрэльбу абапёрся, як ня ў чым ня бывала.
Стукнуў казак бандураю аб дзераво, — бандура ў друбязгі равьляцелася, толькі застагнало ад бандуры па лесе.
— „А няхай-жа, — кажа, — чэрці на том сьвеце вучаць такога чалавека, які разумнай рады ня слухае… Табе, пане, мусі, вернага слугі ня трэба.“
Ня ўскураў пан адказаць, скокнуў Апанас у сядло й паехаў. Дзязджачые так сама на коні селі. Раман закінуў стрэльбу за плечы і пайшоў сабе, толькі, праходзячы каля будкі, крыкнуў Аксане:
— „Пакладзі хлопчыка, Аксана! Час яму ўжо спаці. Дый пану прыгатуй пасьцель.“
Вось зараз і пайшлі ўсе ў лес вось па той дарозе; і пан у хату пайшоў, толькі панскі конь стаіць сабе, пад дзеравам прывязаны. А ўжо і цямнець пачало, па лесе шум ідзе і дожджык пакрапвае, вось такі саўсім, як цяпер… Паклала мяне Аксана на сене, перажагнала на-нач… Чую я, мая Аксана плача.
О, нічога-ж я тады, малы хлопчык, не разумеў, што накол мяне дзеецца! Скурчыўся на сене, паслухаў, як бура ў лесе песьню заводзіць і пачаў засынаць.