— „То-ж я цябе, пане, прасіла, пад нагамі качалася: пашкадуй маю дзявочую красу, не пагань мяне, жонку мужаву. А ты-ж не пашкадаваў мяне, а цяпер сам просіш… Ох, ліханько мне, што-ж я зраблю?“
— „Пусьцеце, — крычыць ізноў пан, — за мяне вы ўсе пагінеце ў Сыбіры…“
— „Не бядуй за нас, пане, — кажа Апанас: — Раман будзе на балоце раней за тваіх даязджачых, а я, па тваёй міласьці, адзін на сьвеце, мне пра сваю галаву думаць нядоўга. Закіну стрэльбу за плечы ды пайду сабе ў лес… Набяру рухавых хлопцаў ды будзем гуляць… З лесу пачнем выходзіць уночы на дарогу, а калі ў вёску забрыдзем, дык проста ў панскіе палацы. Гэй, падымай, Ромусь, пана, вынесем яго міласьць на дожджык!“
Забрыкаў тут пан, закрычаў, а Раман толькі гурчыць паціху, як мядзьведзь, а казак насьмяхаецца. Вось і выйшлі.
А я спалохаўся, кінуўся ў хату ды проста да Аксаны. Сядзіць мая Аксана на лаўцы, белая, як сьцяна…
А па лесе ўжо загула як мае быць бура: крычыць бор рознымі галасамі, ды вецер вые, а калі й гром жахане. Сядзімо мы з Аксанаю на ляжанцы, і раптам я чую, нехта ў лесе застагнаў. Ох, ды так жаласна, што я да гэтых час, як прыпомню, дык на сэрцы цяжка стане, а ўжо-ж таму шмат гадоў…
— „Аксана, — кажу, — галубка, а хто-ж гэта там у лесе стогне?“
А яна ўхапіла мяне на рукі й калыша:
— „Сьпі, — кажа, — хлопчык, нічога! Гэта так… лес шуміць…“