а часьцей за ўсё, як Рамана ня было ўдома. Прыдзе, бывала, пасядзіць і песьню сьпяе, і на бандуры пайграе. А калі й з другімі таварышамі заходзіў, — заўсёды яго Аксана з Раманам прымалі. Эх, праўду табе хлопча, сказаць такі й не бяз граху тут было дзело. Вось прыдуць хутка з лесу Максім з Захарам, паглядзі ты на іх абодвых: я нічога ім не кажу, а толькі хто знаў Рамана, ці Апанаса, таму адразу відно, які да якога падобны, хаця яны ўжо тым людзям ня сыны, а ўнукі… Вось-жа якіе справы, хлопча, бывалі з-за мае памяці ў гэтым лесе…
А шуміць-жа лес моцна, — будзе бура!..
Апошніе словы расказу стары гаварыў, як-бы змучаны. Мусі яго абуджэньне прайшло і цяпер зрабілося ўтомаю: язык яго забратваўся, галава дрыжала, вочы сьлязіліся.
Вечар спусьціўся ўжо на зямлю, ў лесе сьцямнело, бор хадзіў хвалямі вакол будкі, як захадзіўшае моро; цёмные вяршыны калыхаліся, як хрыбты хваляў у страшную непагоду. Вясёлы брэх сабакаў абвясьціў, што прыйшлі гаспадары. Абодва лясьнікі, сьпяшаючы падыйшлі да хаткі, а сьледам за імі, задыхаўшаяся Матруна прыгнала, зблудзіўшую было, карову. Наша грамада была ўся разам. Праз некалькі мінют мы сядзелі ў хаце; ў печы весела трашчаў агонь; Матруна сабрала вячэраць.
Хоць я ня раз бачыў раней Захара й Максіма, але цяпер я зірнуў на іх з асобнай цікавасьцю. Твар Захара быў цёмны, бровы зрасьліся над крутым нізкім лобам, вочы глядзелі хмурна, хоць на твары можна было адрозьніць прыродную дабрату душы, якую заўсёды ў сабе мае сіла. Максім глядзеў адкрыта, як