сэрцо, пакуль ізноў пачынало гусьці, як быццам старые хвоі згаворваліся зьняцца раптам з сваіх мясцоў і паляцець ў невядомы прастор разам з размахамі начнога гурагану.
Я смутна задрамаў на некалькі мінют, але, здаецца, не на-доўга. Бура выла ў лесе на розные галасы і тоны. Каганец загараўся, часамі, асьвятляючы хатку. Стары сядзеў на сваёй лаўцы і мацаў вакол сябе рукою, як быццам спадзяваючыся знайсьці некага блізка ад сябе. Твар дзедаў выўляў сабою страх і немаль што дзіцячую слабасьць.
— „Аксана, галубачка, — пачуў я яго жаласны голас, — а хто-ж гэта там у лесе стогне“?
Ён трывожна памацаў рукою й прыслухаўся.
— „Эгэ! — гаварыў ён ізноў, — ніхто ня стогне. Гэта бура ў лесе шуміць… Больш нічога, лес шуміць, шуміць…“
Прайшло яшчэ некалькі мінют. У маленькіе вокны раз за разам заглядалі сіняватые агне маланкі, высокіе дрэвы бліскалі за вакном паказнымі зданямі і зноў зьнікалі ў цемры сярод злога гурчаньня буры. Але, вось белы сьвет на момэнт зацьміў белые бляскі каганца й па лесе разлёгся адрывісты недалёкі стрэл Пяруна.
Стары йзноў трывожна заварушыўся на лаўцы:
— „Аксана, галубанька, а хто-ж гэта ў лесе страляе“?
— „Сьпі, стары, сьпі“, — пачуўся з печы спакойны голас Матруны. — Вось заўсёды гэтак: як бура, дык ён по-начы Аксану кліча. Й запомніў, што Аксана ўжо даўно на том сьвеце. Ох-хо!