Старонка:Лес шуміць (1920).pdf/9

Гэта старонка не была вычытаная

— „Эгэ, ведаю цяпер, ведаю“, — кажа дзед, бяручыся ізноў за пастол. — „Вось старая галава, як рэшато, нічога ня трымае. Тых, што даўно памерлі, помню — ой, добра помню! А новых людзей усё запамінаю… Зажыўся на сьвеце“.

— „А ці даўно ты, дзеду, жывеш у гэтым лесе?“

— „Эгэ, даўно ўжо! Француз прыходзіў у царскую землю, я ўжо быў.“

— „Шмат чаго ты за век свой бачыў. Пэўне-ж ёсьць пра што расказаці.“

Дзед пазірае на мяне, — зьдзіўлены.

— „А што-ж мне бачыці, хлопча? Лес бачыў… Шуміць лес, шуміць і ўдзень і ўночы, зімою шуміць і летам… І я, як тая дзеравяка, век пражыў у лесе і не заўважыў… Вось і ў дамавіну час, а падумаю іншы раз, хлопча, дык і сам не магу скеміць: ці жыў я на сьвеце, ці не… Эгэ, вось як! Мо‘ й саўсім ня жыў“…

Край цёмнае хмары высунуўся з-за густых вяршынаў над лясною палянкаю; галіны хвоек, што замыкалі палянку, захісталіся ад ветру і лясны шум праляцеў, глыбокім ўзмацнеўшым акордам. Дзед падняў галаву і прыслухаўся.

— „Бура йдзе.“ — сказаў ён праз мінюту. — „Гэта вось я знаю. Ой-ой, загудзе ўночы бура, хвоі будзе ламаць, з карэньнем выварачаці пачне!.. Загуляе лясны гаспадар“… — дадаў ён цішэй.

— „А чаму-ж ты ведаеш, дзеду?“

— „Эгэ, гэта я ведаю! Добра ведаю, як дзераво гаворыць… Дзераво, хлопча, так сама баіцца… Вось асіна, праклятае дзераво, ўсё нешта лапоча, — й ветру няма, а яна дрыжыць. Хвойка ў бары ў ясны дзень іграе-зьвініць, а як пачнецца вецер, яна загудзе й за-