Абдул крычаць на чырвонага, залапацеў так, што сьліна з рота пырскае.
А чырвоны толькі хмурыцца ды языком палузгвае.
Замаўчалі яны, тлумач кажа:
— Гаспадару выкупу мала 500 рублёў. Ён сам за цябе 200 рублёў заплаціў. Яму Казі-Мухамэд быў вінават. Ён цябе за доўг узяў. Тры тысячы рублёў, менш нельга пусьціць. А не напішаш — у зямлю пасадзяць, караць будуць бізуном.
„Эх, — думае Жылін, — з імі чым больш трусіць, тым горш.“
Устаў на ногі і кажа:
— А ты яму, сабацы, скажы, што калі ён мяне палохаць хоча, дык ні капейкі-ж ня дам, і пісаць ня буду. Не баяўся дый не збаюся вас, сабакаў!
Ператлумачыў тлумач; ізноў загаварылі ўсе раптам.
Доўга лапацелі, падскочыў чорны, падыйшоў да Жыліна:
— Урус, кажа, джыгіт, джыгіт урус!
Джыгіт, паіхняму, азначае „маладзец.“ Ісам сьмяецца; сказаў нешта тлумачу, а тлумач кажа:
— Тысячу рублёў дай!
— Жылін стаў на сваім: „больш як 500 рублёў ня дам. А заб‘ецё — нічога не вазьмеце.“
Пагаварылі татары, паслалі кудысьці работніка, а самі то на Жыліна, то на дзьверы паглядаюць. Прыйшоў работнік і ідзе за ім чалавек нейкі тоўсты, басанож і абадраны, на назе таксама калодка.