на сьвятло на дарозе — стаіць нешта: конь ня конь, і на кані нешта дзіўнае, да чалавека падобнае. Пырхнула — чуе. „Што за цуд!“ Сьвіснуў Жылін паціхеньку, — як шархане з дарогі ў лес і затрашчала па лесе, быццам бура ляціць, сукі ламае.
Кастылін так і ўпаў ад страху. А Жылін cьмяецца, кажа:
— Гэта алень. Чуеш, як рагамі лес ломіць. Мы яго баімося, а ён нас баіцца.
Пайшлі далей. Ужо высажары спушчацца пачалі, да раньня недалёка. А ці туды ідуць, ці не — ня ведаюць. Думаецца так Жыліну, што гэтаю самаю дарогаю вязьлі і што да сваіх вярстоў дзесяць яшчэ будзе, а прыкметы вернае няма, дый уночы не разьбярэш. Выйшлі на палянку. Кастылін сеў і кажа:
— Як хочаш, а я не дайду: у мяне ногі ня йдуць.
Пачаў яго Жылін угаварваць.
— Не, кажа, — не дайду, не магу.
Узлаваўся Жылін, плюнуў, вылаяў яго.
— Дык я-ж адзін уцяку; бывай!
Кастылін устаў, пайшоў. Прайшлі яны вярстоў чатыры. Туман у лесе яшчэ гусьцей сеў; нічога ня відаць перад сабою, і зоры ўжо ледзь відаць.
Раптам чуюць — наперадзе тупае конь. Чутно — падковамі за каменьні чапляецца. Лёг Жылін на жывот, пачаў па зямлі слухаць.
— Так і ёсьць — сюды, да нас, конны едзе.
Зьбеглі яны з дарогі, селі ў кусты і чакаюць.