— Ну, Кастылін, пойдзем, папрабуем апошні раз; я цябе падсаджу.
Кастылін і слухаць ня хоча.
— Не, — кажа, — ўжо мне, відаць, адсюль ня выйсьці. Куды я пайду, калі й павярнуцца сілы няма?
— Ну, дык бывай, не памінай ліхам. — Пацалаваўся з Кастыліным.
Ухапіўся за тычку, сказаў Дзіне трымаць і палез. Разоў два ён абрываўся, — калодка перашкаджала. Падтрымаў яго Кастылін, — выбраўся сяк-так наверх. Дзіна яго цягне ручкамі за сарочку з усяе сілы, сама сьмяецца.
Узяў Кастылін тычку і кажа:
— Аднясі на месца, Дзіна, а то схопяцца, — прыб‘юць цябе. — Пацягнула яна тычку, а Жылін пад гару пайшоў. Зьлез пад кручу, узяў камень востры, пачаў замок з калодкі выкручваць. А замок моцны, ніяк не саб‘е, дый нязручна. Чуе — бяжыць нехта з гары, лёгка паддзыгае. Думае: „пэўна йзноў Дзіна.“ Прыбегла Дзіна, узяла камень і кажа:
— Дай, я.
Стала на каленачкі, пачала выкручваць. Ды ручкі тонкія, як дубчыкі, нічога сілы няма. Кінула камень, заплакала. Узяўся ізноў Жылін за замок, а Дзіна села каля яго на карачках, за плячо яго трымае. Аглянуўся Жылін, бачыць — налева за гарою зарава чырвонае загарэлася, месяц устае. „Ну, — думае — да месяца трэба лагчыну прайсьці, да лесу дабрацца.“ Устаў, кінуў камень. Хоць у калодцы, але трэба ісьці.