засунь ты мне ў горла галаву і выцягні костку: я цябе вынаграджу“.
Журавель засунуў галаву, выцягнуў костку і кажа:
„Дык давай нагароду“.
Воўк заскрыгатаў зубамі дый кажа:
„Ці табе мала нагароды, што я табе галавы не адкусіў, калі яна ў мяне у зубах была?“
ЗАЙЦЫ і ЖАБЫ.
Зыйшліся раз Зайцы і пачалі маракаваць на сваё жыцьцё: „і ад людзей і ад сабак, і ад арлоў, і ад іншых зьвяроў гінем. Ужо раз памёрці, чымся ў страху жыць ды мучыцца. Давайце ўтопімся!“
І пабеглі Зайцы ў возера тапіцца. Жабы пачулі Зайцоў і забулькалі ў ваду. Адзін Заяц і кажа:
„Стойце, хлопцы! пачакаем тапіцца: вось жабячае жыцьцё, відаць, яшчэ горшае за нашае: яны і нас баяцца“.
БАЦЬКА і СЫНЫ.
Бацька загадаў Сыном, каб жылі ў згодзе; яны ня слухалі. Вось ён загадаў прынясьці венік і кажа:
„Зламайце!“
Колькі ні сілкаваліся яны, не маглі зламаць. Тады бацька разьвязаў венік і загадаў ламаць па прутку. Яны паламалі.
Бацька і кажа:
„Гэтак вось і вы: у згодзе жыць будзеце, дык ніхто вас ня сходае; а калі будзеце сварыцца ды ўсе хто куды, дык вас кожны лёгка загубіць.“