Чапля ўзяла Рака і панясла. Як вынясла яна на поле, хацёла скінуць Рака. Але Рак убачыў рыбячыя костачкі на полі, сьціснуў клешнямі Чаплю за шыю і задушыў яе, а сам прыпоўз назад да ставу і расказаў Рыбам.
ВАДЗЯНІК і ЖОМЧУГ.
Адзін чалавек ехаў чайкаю і ўпусьціў каштоўны жомчуг у мора. Чалавек вярнуўся да берагу, узяў вядро і пачаў чэрпаць ваду і выліваць на зямлю. Ён чэрпаў і выліваў тры дні бесьперастанку.
На чацьвёрты дзень выйшаў з мора Вадзянік і спытаўся:
„Нашто ты чэрпаеш?“
Чалавек кажа:
„Я чэрпаю таму, што ўпусьціў жомчуг.“
Вадзянік спытаўся.
„А ці хутка ты кінеш?“
Чалавек кажа:
„Як высушу мора, тады кіну.“
Тады Вадзянік вярнуўся ў мора, прынёс той самы жомчуг і аддаў чалавеку.
СЬЛЯПЫ і МАЛАКО.
Адзін сьляпы ад нараджэньня спытаўся ў несьляпога:
„Якога колеру малако?“
Несьляпы сказаў: „колер малака гэткі, як папера, белая.“
Сьляпы спытаўся: „а што, гэты колер гэтак-жа сама шарахціць пад рукамі, як папера?“
Несьляпы сказаў: „не, ён белы, як мука белая.“