навастрэце сякеру ды папраўце пілу, а пасьля ўжо спрачайцеся.“ Але тыя мужыкі яшчэ горш раззлаваліся адзін на аднаго за тое, што ў аднаго была нявостраная сякера, а ў другога піла тупая, і яны пачалі біцца.
САБАКІ і КУХАР.
Кухар варыў абед; Сабакі ляжалі каля дзьвярэй кухні. Кухар забіў цяля і кінуў кішкі на двор. Сабакі падхапілі, паелі і кажуць: „Кухар добры: добра варыць.“
Крыху пачакаўшы, Кухар пачаў чысьціць гарох, рэпу й цыбулю і выкінуў абрэзкі. Сабакі кінуліся, адвярнулі насы і кажуць: „папсаваўся наш Кухар: раней добра варыў, а цяпер нічога няварты.“
Але Кухар ня слухаў Сабак, а варыў абед пасвойму. Абед зьелі і пахвалілі гаспадары, а не Сабакі.
ЗАЯЦ і ГОНЧЫЯ САБАКІ.
Заяц сказаў раз Гончаму Сабацы: „нашто ты брэшаш, калі ганяешся за намі? Ты хутчэй злавіў бы нас, каб бег моўчкі. А з брэхам ты толькі наганяеш нас на паляўнічага: яму чутно, дзе мы бяжымо, і ён забягае з стрэльбаю нам насустрэчу, забівае нас і нічога не дае табе.“
Сабака сказаў: „я не дзеля таго брашу, а брашу таму, што калі чую твой пах, дык і злую, і цешуся, што вось зараз злаўлю цябе і сам ня ведаю чаму, але не магу ўтрымацца ад брэху.“