ДУБ і АРЭШЫНА.
Стары Дуб упусьціў з сябе жолуд пад куст Арэшыны. Арэшына сказала Дубу: „ці-ж мала прастору пад тваімі сукамі. Ты лепш кідаў-бы свае жалуды на чыстае месца. Тут мне самой цесна для маіх атожылкаў, і я сама ня кідаю на зямлю сваіх гарэхаў, а аддаю іх людзям“.
„Я жыву 200 гадоў, — сказаў на гэта Дуб, — і дубок з гэтага жалуда пражыве столькі-ж“.
Тады Арэшына ўзлавалася і сказала: „дык я заглушу твой дубок, і ён не пражыве трох дзён.“ Дуб нічога не адказаў, а загадаў расьці свайму сынку з жалуда.
Жалуд намок, лопнуў і ўчапіўся кручком растка ў зямлю, а другі расток пусьціў угару.
Арэшына глушыла яго і не давала сонца. Але дубок цягнуўся ўгару і зрабіўся дужэйшым у цені Арэшыны. Прайшло сто гадоў, Арэшына даўно засохла, а дуб з жалуда падняўся да неба і раскінуў вехаць ува ўсе бакі.
КВАКТУХА і КУРАНЯТЫ.
Квактуха вывяла кураняты і ня ведала, як іх усьцерагчы. Яна і сказала ім: „лезьце ізноў у каралюшчу; калі вы будзеце ў каралюшчы, я сяду на вас, як раней сядзела, і ўсьцерагу вас“. Кураняты паслухалі, палезьлі ў каралюшчу, але немаглі ніяк паўлазіць у яе і толькі намялі сабе крыльля. Тады адно Кураня сказала маці:
„Калі нам заўсёды заставацца ў каралюшчы, дык ты лепш ня выводзіла-б нас“.