Усе гэтыя факты падатлівасьці вялікага князя былі нішто іншае, як падзел дзяржаўнае ўлады над народнымі гушчамі паміж вялікім князем і зямляўласьнікамі, якія ў адносінах да сваіх „падданых“ рабіліся такімі самымі гаспадарамі, як і сам вялікі князь да ўсіх іншых. Такім спосабам у Літоўска-Беларускай дзяржаве замацоўваўся лад, які меў шмат агульных рысаў з заходня-эўропейскім і, між іншым, з польскім фэўдалізмам. Разам з гэтым разьвіналіся асновы літоўска-беларускага парлямантарызму і констытуцыяналізму. У гэтым сэнсе асабліва важны быў той артыкул прывілею 1447 году, які вызваляў уласьніцкіх падданых ад дзяржаўных падаткаў. Гэты артыкул з цягам часу, з канца ХѴ сталецьця, калі дзякуючы вайне зусім зьбяднеў скарб вялікага князя, прымушаў яго выпрашваць у зямляўласьнікаў субсыдыі на патрэбы дзяржавы, дзеля чаго ён склікаў іх на соймы, а зямляўласьнікам памянёны артыкул даў магчымасьць здабыць ад вялікага князя новыя правы і вольнасьці, якія абмяжоўвалі яго ўладу.
Фактычная пэрсональная вунія Літвы з Польшчай, якая ўстанавілася з паловы ХV сталецьця, выклікала павялічэньне політычнае вагі гаспадарскае рады пры вялікім князе. Пакуль вялікі князь жыў у Літоўска-Беларускай дзяржаве, гаспадарская рада была дарадчай установай, аднак, яна мела пэўны аўторытэт, бо складалася з выдатных і буйных зямляўласьнікаў вялікага княства, якія займалі высокія пасады. Але з таго часу, як вялікія князі пачалі жыць даўгі час і пераважна ў Польшчы, як каралі польскія, рада атрымала значэньне вышэйшага ўраду краіны і заняла самастойнае становішча, будучы на варце праў вялікага княства супроць магчымасьці парушэньня іх з боку самога гаспадара, які быў адначасна і польскім і літоўскім гаспадаром. У такой ролі рада выступала ў часы Казімера, калі быў даўгі час конфлікт з Польшчай з-за Валыні і Падольля, і з прычыны тлумачэньня актаў вуніі, паколькі Казімер часамі схіляўся ў бок польскіх дамаганьняў. Рада ў часы Казімера стала ня толькі асабістай дарадчай установай вялікага князя, але і дзяржаўнай установай вялікага княства. Вызначыўся больш-менш круг пасад і годнасьцяй, якія давалі месца ў "лавіцы" гаспадарскае рады, a таксама і парадак гэтых месц. Нова-утвораная дзяржаўная рада выкарыстала абраньне наступніка Казімера дзеля таго, каб формальна, de jure, замацаваць сваё становішча. Новы вялікі князь Аляксандар, сын Казімера, выдаў у 1492 годзе прывілей, у якім ён абавязаўся весьці дыплёматычныя зносіны з іншымі дзяржавамі толькі пасьля папярэдніх абгавораў з панамі — радай, не зьмяняць самастойна нічога ў справах унутранага кіраваньня з таго, што ўжо было вырашана супольна з панамі-радай; "державы" прызначаць тым кандыдатам, якіх пададуць ваяводы, а па ускрайках княства, - са згоды паноў-рады; апроч таго, вялікі князь абавязваўся ні у кога не адбіраць „урадаў" калі ня было віны, і без парады з панамі - радай, усе прыбыткі з мытніц, карчмаў, судовых штрафаў ужываць толькі са згоды паноў-рады і г. д. Калі абіралі наступнага вялікага князя Жыгімонта, паны-рада яшчэ больш павялічылі свае правы. Прывілей 1506 году ўстанавіў, што ўсе законы і загады, накіраваныя на карысьць дзяржавы, павінны выдавацца толькі пасьля сталага абмеркаваньня з панамі — радай, з іх ведама і згоды.
Збліжэньне з Польшчай выклікала і тое, што вялікія князі літоўска-беларускія, каб мець аднолькавае з Польшчай прадстаўніцтва пры двары і на агульных польска-літоўскіх соймах, устанавілі такія самыя вышэйшыя пасады і прыдворныя годнасьці, якія былі і ў Польшчы. У вялікім княстве Літоўскім зьявіліся ваяводы, як краёвыя