намесьнікі, кашталяны, маршалкі (земскі і дворны) канцлер i падканцлер, падскарбі (земскі і дворны), гэтманы (найвышэйшы і дворны), падчашы і чашнік, крайчы і кухмістар, падстолі і стольнік, падкаморыі і каморнікі, канюшы дворны, харунжы (земскі і дворны), мечнік, сакратары і пісары. І ўрадавыя асобы на мясцох паступова атрымалі польскія найменьні — стараст, дзяржаўцаў (замест ранейшых намесьнікаў і цівунаў). Даўнейшыя заможныя баяры, буйныя самастойныя зямляўласьнікі пачалі, так як і ў Польшчы, празывацца панамі, а звычайныя баяры - шляхціцамі, зямянамі. Літоўска-беларуская зямляўласьніцкая кляса ўзяла сабе ня толькі польскія найменьні, але таксама і ідэі аб сваёй шляхотнасьці, аб сваім вяльможным пахаджэньні, аб розьніцы паміж імі і простымі людзьмі —халопамі. Разам з гэтымі паняцьцямі перашлі ў вялікае княства Літоўска-Беларускае і некаторыя зьвязаныя з імі звычаі - гэрбы і кляйноты, надаваньне шляхоцтва, прысьвячэньне ў рыцары і г. д.
Лучнасьць з палякамі адбілася і на ўнутраным жыцьці літоўска-беларускага грамадзянства; паводле аднае з умоў першае вуніі Літвы з Польшчай было, як ужо адзначана, тое, што літоўскія баяры і князі павінны былі прымаць каталіцкую веру. Пасьля заснаваньня ў Вільні і ў Жамойці біскупскіх катэдраў і ўтварэньня саборных капітулаў, каталіцтва пачало пашырацца і сярод народных гушчаў літоўскае нацыянальнасьці. Што датычыць вышэйшых кляс беларуска-украінскага грамадзянства, дык іх спачатку схілялі ў каталіцкую веру прывілеямі, якія давалі каталіком. Калі ж гэты спосаб пачаў даваць малыя вынікі, а прывілеі, нададзеныя каталіком, выклікалі толькі нацыянальна-політычны антагонізм у Літоўска-Беларускай дзяржаве, пачалі рабіць спробы далучыць беларусаў і украінцаў грэцкае веры да рымскай царквы праз вунію. У пачатку ХѴ сталецьця ў каталіцкай царкве, пад уплывам "вялікага расколу", які здарыўся ў выніку абраньня спачатку двох, а потым трох пап, пачаўся саборны рух да рэформы царквы, да ўсеагульнае хрысьціянскае згоды, да зьнішчэньня схізмы ня толькі ў нетрах каталіцкае царквы, але і паміж заходняй і ўсходняй царквой. Літоўскі ўрад, з свайго боку, спагадаў гэтаму руху, маючы на мэце ўтварыць унутраны спакой у сваёй дзяржаве праз зьнішчэньне нацыянальна-рэлігійнага антагонізму. Вітаўт паслаў на Констанцкі сабор кіеўскага мітрапаліта Рыгора Цамбляка, з біскупамі, каб той вёў перамаўленьне аб вуніі грэцкае царквы з рымскаю. З вуніі на гэты раз нічога ня вышла, але думка аб ёй не памірала. Калі сабраўся ў 1431 годзе сабор у Базэлі, праваслаўныя князі і баяры вялікага княства Літоўска-Беларускага прыслалі на сабор заяву аб тым, што яны згодны далучыцца да вуніі з рымскай царквой, калі толькі іх „старэйшыя" прыдуць да згоды з айцамі сабору. Гэтыя „старэйшыя", як ведама, прышлі, урэшце, да згоды. На флёрэнтыйскім саборы 1439 году мітрапаліт "усяе Русі" Ізыдар далучыўся да вуніі з рымскай царквой. Маскоўцы не прынялі вуніі, але праваслаўныя ў Літоўска-Беларускай дзяржаве спачатку не пярэчылі. Літоўска-беларуская царква аддзялілася ад ўсходня-славянскай і засталася пад кіраўніцтвам мітрапаліта вуніта, спачатку Ізыдара, а потым, з 1458 году, Рыгора Баўгарына. Але, ня гледзячы на ўсё гэта, беларусы дрэнна ўспрыймалі вунію, што адбівалася і на паводзінах духавенства. Наступнікі Рыгора Баўгарына на мітрапаліцкай катадры пасылалі за благаслаўленьнем да канстантынопальскіх патрыярхаў, якія ўжо парвалі з вуніяй. Гэта было прычынай таго, што Літоўскі ўрад заснаваў на Літве, а таксама на Беларусі і Украіне некалькі манастыроў Бэрнардынскага ордэну, каб браты гэтых манастыроў сваім навучаньнем і жыцьцём