нялася і спаборнічала з Літвой у сваім пашырэньні за кошт беларускіх і украінскіх зямель. Да апошняй чвэрці XIV сталецьця Літоўска-Беларуская дзяржава больш-менш з посьпехам змагалася з усімі сваімі ворагамі. Каб змагацца з немцамі, Гедымін укладаў саюзы з польскімі князямі. Сыны яго Альгерд і Кейстут, скінуўшы з вялікакнязёўскага стала брата свайго Яўнута, забралі ў свае рукі кіраваньне вялікім княствам, падпарадкавалі сабе рэшту князёў і падзялілі паміж сабой сфэру сваіх уплываў. Кейстут, заснаваўшы сваю рэзыдэнцыю ў Троках, сярод чыстае Літвы, узяў на сябе абарону краіны ад немцаў, і мужна выконваў гэтую справу, выклікаючы зьдзіўленьне і пашану з боку сваіх ворагаў. Альгерд заснаваў сваю рэзыдэнцыю ў Вільні, у беларускай напалову Літве, і, прызнаючы Кейстута за старэйшага, узяў на сябе абарону вялікага княства ад татар, і таксама з посьпехам вёў справу. Ён ня даў Маскве заўладаць Смаленскам, пашырыў літоўскую ўладу на берагі верхняе Акі і на украінскія землі, якія ён вызваляў з-пад татарскага панаваньня (землі Кіеўскую, Падольскую і Чарнігава-Северскую). Супольнымі высілкамі сыноў Гедыміна Літва абараніла ад палякаў Валынскую зямлю і замацавала яе за вялікім княствам. Але, як памёр Альгерд (1377), у Літоўска-Беларускай дзяржаве пачаліся ўнутраныя нязгоды. Немцы з ордэну стараліся ўсялякімі спосабамі павялічваць хатнія спрэчкі на Літве, дапамагалі і давалі парады то адным, то другім. Маладой Літоўска-Беларускай дзяржаве пагражаў распад і пагібель. У такіх абставінах вялікі князь Ягайла, а таксама князі — сыны Гедыміна, якія яго падтрымлівалі, і літоўскія баяры вырашылі шукаць блізкага саюзу з Польшчай праз шлюб Ягайлы з наступніцай польскага пасаду Ядвігай. Для Польшчы, з свайго боку, вельмі патрэбна была дапамога для барацьбы з немцамі, якія адабралі ў яе нізавіну ракі Віслы і загарадзілі выхад у мора. У 1385 годзе падпісалі ў Крэве ўгоду аб вуніі Польшчы і Літвы. Ягайла дакляраваў прыняць каталіцкую веру з усімі сваімі братамі і з раднёй, а таксама дакляраваў, што прымуць каталіцтва ўсе — і вяльможныя, і простыя, і малыя, і старыя; апроч таго, ён абавязаўся ахвяраваць свой скарб на патрэбы Польшчы, зьвярнуць адабраныя ад Польшчы землі, выплаціць ранейшаму жаніху Ядвігі, аўстрыяцкаму прынцу Вільгельму 200.000 флёрынаў, выпусьціць на волю палонных хрысьціян, і, што самае галоўнае, назаўсёды далучыць свае землі да кароны Польскай. Паводле сэнсу абавязкаў, якія прыняў на сябе Ягайла, індывідуальнае існаваньне Літоўска-Беларускае дзяржавы спынялася зусім і яна інкорпоравалася з Польшчай у вадну дзяржаву. Як толькі Ягайла акаранаваўся ў Кракаве, усіх літоўскіх князёў прымусілі прысягнуць каралю, каралеве і кароне Польскай. Літоўскія баяры, якія прынялі хрысьціянства, атрымалі ў 1387 годзе правы, аднолькавыя з польскай шляхтай.
Вунія, аднак, ня зьдзейсьнілася ў тых формах, як яе ўлажылі на паперы. Калі Ягайла, якому далі імя Уладыслава, пераехаў у Польшчу і адтуль пачаў кіраваць Літвой, з дапамогай польскіх паноў і прэлятаў, Літоўскую зямлю ахапіла вялікае абурэньне. На чале нездаволеных стаў родны брат Ягайлы — Вітаўт, які падняў адкрытае паўстаньне. Ягайла наслаў у Літву польскае войска, паставіўшы яго амаль што па ўсіх гарадох вялікага княства. Але Вітаўт меў агульнае спачуцьцё і знашоў сабе падтрыманьне з боку насельніцтва вялікага княства: жыхары падвозілі яго войску харч і корм для коняй, далучаліся да войска і разам з ім нападалі на польскія атрады і нішчылі іх. Ягайла і палякі прымушаны былі падацца. На зьезьдзе ў Востраве (1392) абодвы варожыя бакі дашлі да згоды, паводле якое Вітаўт стаў кі-