таварышы чым небудзь даймуць яго, Рыгор паказываў сваю сілу і распраўляўся не па-дзяціннаму.
Рыгора хоць і любілі, але і баяліся, асабліва ў тую хвілю, калі ён зазлуе і ў яго маленькіх вочках зьявляўся нейкі таёмны вогнік.
Прыціхалі і ціскаліся адзін к другому яго таварыш, ведаючы сілу і знак гэтай іскрынкі.
Але гэта іскрынка, як хутка зьяўлялася, так раптам знікала і Рыгор быў ізноў бесконца добры.
Раз пасучы на выгане скаціну, ён узлаваўся на бычка піразімка і на вачах усіх, скалануў раз другі за рогі, і бычок, як пласт, разлёгся на зямлі.
Пад час Рыгор забываўся на ўсё, выходзіў с хаты і знікаў на колькі дзён, і дзе ён быў, было вялікай загадкай для ўсіх.
Толькі пасля гэткай вандроўкі пралежываў па цэлых днях не гаворучы з нікім ані слова.
Дома яго не шукалі. «Знік — найдзецца. Не першыня.» Казалі бацькі на пытаньне суседзяў.
Да працы Рыгор дужа заўзяты быў і што ні загадалі-бы яму; як відзіш, было зроблена.
Неяк пад восень загадаў яму бацька выкапаць колькі нягодных дрэў. Рыгор паважна браў ; рукамі дреўцэ, туліўся к яму прыгнуўшы плечы, рваў адно за другім з карэньням і, як пярыну, выкідаў праз плот на вуліцу.
Аб страшэннай сіле Рыгора гутарка перэхадзіла з вёскі ў вёску і кожны с селян з уцехай глядзеў на магучы рост і шырокіе плечы яго.
Янук зусім другога крою быў. Ня меў ён той сілы і краскі ў твары. Худы, з уваліўшыміся грудзямі, ён выглядаў на хваравітага, у вачах яго свяцілася бязмерная дабрата і досыць толькі раз глянуць на гэтага мізэрнага хлопчыка, а пекны вырыс твару на доўга заставаўся ў памяці.
Дабрата душы і шчырая прыязнь к людзям, адбівалася ў яго паступках, як у чыстай вадзе.