Неяк у дзень, калі Янук сядзеў злажыўшы рукіі думкамі адлетаў у родны край, аткінулася ваконцэ, і паказаўся чыйсьці твар.
Янук павярнуўся, і спытаўся: «Чаго?»
— «А вось, казалі спытацца ў васана, можэ жадалі-бы паклікаць матку; ці бацьку, калі ёсьць, бо як чуў, то не далёка»…
— «Ня трэба кратаць старых бедакоў. Ня ведаюць — шмат спакайней», — не абарачываючыся атказаў Янук.
— «Ну, як сабе знаеце — ня мне вяроўка, а васану».
Янук раптам успомніў пра сваю долю, слова «вяроўка», кранула яму тую боль, каторая на хвілю сьціхла.
Ён кінуўся к ваконцу, жадаў штось сказаць, але яно зачынілася, і барады вартаўніка не было ўжо ў ім відаць.
«Ня можэ быць нічога горшаго, шэптаў ён, як тое, што ня ведаеш, калі прыйдзе тая мінута і паложэ канец усім мукам.
Ніхай-бы бардзей прышоў той барадаты, ці другі які татан, і сказаў-бы: ужо пара!.. Ну пара, так пара! хвіля-другая, і па ўсім, дык жэ не! мучуць і мучуць без-канца.
І ў гэтых думках не ў знак змяніўся дзень і наступіла ноч. І зноў прыступіліся страхі і адагналі сон.
Уткнуўшыся тварам у падушкі, ён сілкаваўся заснуць, каб як небудзь пазбыцца ат страхаў яго. Бачыць, бытцам хтось увыйшоў к яму і прытуліўшыся ў кутку пазірае на яго сваімі агністымі вачыма. Янук прыгледзіўся. Знаёмая цень, была перад ім. Злажыўшы рукі на грудзі, перад ім стаяў яго бацька, штось шэптаў, і яго рэдзінькая бародка. траслася пры кожным слове, а па маршчыністаму твару каціліся слеза за слезой.
«Пусьціце! пусьціце! Гэтаж ён, татка мой, родны мой!» І ўзарваўшыся з ложка, ён кінуўся ў той кут і, прыпаўшы к каменнай падлозе, бытцам к нагам яго, наўзрыд плакаў і прыгаварываў: