«Лоўка, лоўка!» прышоўшы ізноў адазвалася яна, угледаючыся на дно міскі.
«Цяпер кладзіся спаць, а заўтра за працу, досыць лынды біць,» і сгасіўшы агонь, вышла ў другую палавіну, пакінуўшы Прануся ў пацёмках.
Разаслаўшы армячок і кінуўшы пад галаву нейкі камок ануч, ён накрыўся гунькай і лёг.
«Гэтаж я і не маліўся», памысліў ён: «ды ці ёсь тут абраз? нешта не бачыў», але як успомніў, што калісь чытаў, што Бог на кожным мейсцу, падняўся, стаў на каленкі і пачаў маліцца, угледаючыся ў цемнату.
Маліўся за нябошчыка бацьку, за матку, і мыслі яго перэбегалі к сваім родным, гдзе хоць бедна, але ціха праводзіў дзяцінны час.
Прыпомнілася тая раптоўная вядомасць аб смерці бацькі, затым хаўтуры, тая глыбокая яма, куды уставілі дамавіну і як нейкі барадаты дзядька закідаў после зямлёй.
Мыслі блукалі там і сям, і нарэшце усё змешалося, бытцам нехта смеяўся, трубіў ражок, нейдзе выў сабака, і сон узяў сваё.
Была ўжо раніца, са двара данасіўся скрып жураўля, мыканьне кароў, а Пранусь яшчэ скорчыўшыся, як вожык, смачна спаў у куточку.
«Годзе спаць!» праз сон пачуў голас кабеціны. Як бы швайкай жыганулі яго, усхапіўшыся на ногі, ён насунуў армяк, патпіразаўся і гатоў быў, як відзіш.
«Які тут хлапец ёсь?» пачуў ён голас з двара і затым у дзверах паказалася лахматая барада.
«Пэўне гэта»? спытаўся барадач. — «Гэты, гэты!» атказала кабеціна. «Ну дык пойдзім, карантыш, будзім разам гараваць.»
Вышлі на двор. «Ну скажы, мой сынок, за сколькі згадзілі цябе?»
— «За дзесяць рублеў!»
— «Трудна, братка, трудна!» пудліва азіраючыся, казаў