VIII. ДРАМАТЫЧНАЯ ТВОРЧАСЬЦЬ СУЧАСНЫХ
МАЛАДНЯКОЎЦАЎ
Самае слабое месца ў творчасьці Маладняка, як і ва ўсёй сучаснай беларускай літаратуры, — драматычная творчасьць.
Спаміж усіх сучасных маладнякоўцаў ёсьць толькі адзін чысты драматург — Гарбацэвіч, аўтар вядомае цяпер у БССР драматычнае п‘есы „Чырвоныя кветкі Беларусі“. На жаль, ён чамусьці вельмі мала друкуецца. У зборніку Магілеўскае філіі Маладняка — „Дняпроўскія ўсплёскі“ (1927 г.) надрукавана яго п‘еса на 5 кароткіх дзеяў „Пад вішнёвымі садкамі“. Тут — вёска, бедная дзяўчына — заможны хлопец, каханьне, здрада, помста. Шмат абрадаў і песенных уставак, прычым песьні ёсьць вельмі характэрныя, народныя, нідзе ў этнографічных зборніках ня зьмешчаныя. Шмат руху і характэрных дыялёгаў. Мова вобразная, народная, хоць у некаторых выпадках ня зусім панароднаму вытрыманая, часам таксама залішне грубаватая. Шмат прыказак. Часам дзеючыя асобы гавораць сымболічна, пакніжнаму — поэтычна, як у „Раскіданым гнязьдзе“ Купалы. Шмат рэдкіх слоў. П‘еса фольклёрная і музычная. З яе можна зрабіць прыгожую інсцэнізацыю беларускага вясель-