Перапалохаліся ўсе, зараз-жа дактароў паклікалі. Прышлі дактары, пачалі лячыць, кампрэсы прыкладаць, а аднаму міністру нават для пробы адрэзалі нос і вушы, а яны зноў выраслі. Нічога дактары зрабіць не могуць.
Вось бяда. Дочкі плачуць.
А Мук прыклеіў сабе бараду, каб яго не пазналі, і зноў прышоў у палац.
— Я, — кажа, — магу вас усіх вылечыць.
— Што ты кажаш! — сказаў кароль. — Як-жа ты вылечыш, калі ўсе дактары нічога зрабіць не могуць?
А Мук даў аднаму міністру паесці маленькіх арэхаў: у таго адразу-ж і нос і вушы паменшыліся.
— Нас лячы хутчэй! — закрычалі міністры. — Не, нас! — крычалі каралеўскія сыны. — Не, нас, не, нас! — вішчэлі каралеўскія дочкі.
А кароль нічога не сказаў, схапіў маленькага Мука за руку і пацягнуў яго да сябе ў скарбніцу.
— Вось, — кажа, — бяры ўсё, што хочаш, толькі вылечы мяне.
А ў скарбніцы гэтай брыльянты і алмазы зіхацяць, пасярэдзіне на падлозе туфлі стаяць. Тыя самыя, якія скараход у Мука сцягнуў.