Старонка праверана
I
Жыў маленькі Мук з сваім бацькам у горадзе Нікеі. Ногі ў яго былі маленькія, рукі маленькія, і сам ён быў маленькі-маленькі. Калі ён ішоў па вуліцы, злыя хлапчукі беглі за ім і крычалі: „Глядзіце, які карлік ідзе! Глядзіце, які смешны!“
А маленькі Мук ішоў далей і нічога не адказваў. Невясёлае было жыццё ў маленькага Мука, а калі ў яго памёр бацька, дык і зусім яму стала дрэнна. Злыя дзядзька і цётка выгналі маленькага Мука з дому і сказалі яму:
— Ідзі, куды хочаш, а мы цябе карміць не будзем.
Маленькі Мук спачатку нават узрадваўся:
„Вось, — думае, — і добра. Пайду па свету гуляць“.