З КНІГІ ВЫЖШЫХ АСЯГНЕНЬ ДУХОВЫХ.
Сьвечкі на аўтары ледзь лыпаюць. Адпраўляецца вячорная малітва Радаўніцы Маёвай. Пах кветкаў і кадзіла. Шэпты жальбы і пакуты. За вокнамі містычны говар тапалёў і бяроз. Паўцень спавівае касьцельную наву. Хрыстус с крыжа сумным зорам спаглядае на пакору людзкога грэху дарэмна — здаецца — агарнуць сіліцца, сьвет акрываўленымі рукамі.
„Божа, сямейку набожных багаславі“.
У глыбокай нішы пры аўтары Пацяшеньня спавядаюцца… Старцы — дзяцюкі — дзевы — дзеці. Затоплены ўсе ў немай контэмпляцыі. Думаюць над загадкай свайго быту, а мо‘ толькі стараюцца думаць. Слухаюць голаса сумленьня, вынаходзяць памылкі розуму, і слабасьць волі, і капрысы зманнага ўчуцьця. Зор стрывожаны заглыбіўся ў тайніцы адвечныя, ледзь адчутыя сэрцам збалелым, ледзь даступныя кволай волі людзкой.
„Божа, будзь мне грэшнаму міласьцівым“.