абслугоўваць жыхарства, да і сам ён ня меў фактычна ваеннага значэньня ў гэты час. Пытаньне аб умацаваньні Вільні паднялі войт і мяшчане места Віленскага, просячы ў 1505 годзе, каб гаспадар вялікі князь дазволіў ім, замест вайсковае службы, мураваць сьцяну навокал места („хто можеть муром, тот-бы свою делницу замуравал, а хто на тот час неможеть замуровати делницы свае, тот бы порканом порканил"), з прычыны таго, "што ж тое место виленское не затвореное и если-бы на службу поехали, тогды, его боже вховай, што-бы тому месту нашому какое шкоды од поганства не было". Гаспадар здаволіў просьбу мяшчан, звольніў места на год ад вайсковае павіннасьці і ад усялякіх іншых падаткаў і загадаў будаваць сьцяну. Ніхто—ні паны, ні духавенства, ні шляхта, ні мяшчане—не маглі быць зволены ад гэтага абавязку: „а которые князи и панове и земяне и кононицы и иные косьтельного вряду люди так закону римского а греческого хотели бы домы мети в муру, в стене, тогды маеть каждый з них свою делницу стены замуровати, або запарканити, а если бы не хотели, тогды казали есмо пану воеводе виленскому в их домы мещан увязывати, а им отмену за местом давати, а мещанин который тот дом возметь, тот и делницу его замуруеть". У сьцяне было пяць брам: „первая брона (брама) за пана старостиным дворам (Віленская) к Вели (да ракі Вяльлі), другая подле маткі божее к Трокам (Троцкая), третяя подле святое троици (Траецкая, а можа - Вострабрамская), четвертая подле святого спаса (Спаская), а пятая в город (Замковая)". Апроч проэктуемых брам фактычна былі і іншыя: Рудніцкая, Татарская, Субач. Для старожы гэтых брам мескі ўрад павінен быў мець спэцыяльную варту, на ўтрыманьне якой быў прызначаны спэцыяльны падатак: "которыи люди чииколве будуть повезут доместа пшеницу гречку овес муку и иные речи стравные штоколве будет и дрова и сено, стых со всих велели есмо им скаждого воза по пенезю брати и за то сторожу в тых брон мети, а естли которые люди невсхотят пенязей брати, тые нехай покяменю везут“.[1]
Сьцяна была скончана у 1522 годзе і абкружала места ад Спаскае брамы да Бакшты, ад Бакшты да Сьвятадухаўскага манастыра, да Медніцкае брамы, Чортавае брамы, пасьля—Завальнай вуліцай, Жамойцкім завулкам да Троцкай брамы, пасьля далей—часткаю Завальнай вуліцай да Віленскай брамы; ад Віленскае брамы—Татарскай вуліцай да ніжняга замку. З боку ракі Вялейкі сьцяна ад Спаскае брамы ішла па рацэ, уніз па яе плыні, да Бэрнардынскага саду[2]. Такім чынам, сучасны цэнтр Вільні быў абнесены сьцяною ўжо ў пачатку XVI сталецьця, але заселена была Вільня ня толькі ў цэнтры, у межах сьцяны, але і па-за сьценамі. Прадмесьці Вільні—Зарэчча, Лукішкі, Сьняпішкі, Роса. Рыбакі—былі значна і густа заселены ўжо ў першай палове XVI сталецьця.
Будынкі ў пачатку XVI сталецьця былі пераважна драўляныя і стаялі ў беспарадку. Пажары 1513 і 1530 гадоў, якія зьнішчылі амаль што палову гораду, прымусілі будаваць камяніцы і захоўваць некаторы парадак. Вялікая вуліца, Нямецкая, Біскупская (у часы расійскае імпэрыі—Дварцовая) пакрываюцца значнымі камяніцамі і панскімі палацамі, дах якіх зроблены з чарапіцы і гонты. Для задаваленьня патрэб у будаўнічых матар'ялах, як цэгла, вапна, шкло і іншыя, закладаюцца цагельні, гуты. У 1535 годзе места адкупіла плитницу“ (цагельню) на Сьняпішках у біскупа Яна за паўтараста