коп грошай[1]; была „плитница" і у пана ваяводы Яна Юр'евіча Глябовіча, трапляліся яны і па іншых прадмесьцях Вільні, напрыклад, на Зарэччы. Будаўнічыя матар'ялы прывозіліся нават з больш далёкіх аколіц Вільні. У 1551 годзе вялікі князь Жыгімонт-Аўгуст дазволіў Марціну Палецкаму „за рекою Вельею межи Псарнею нашою и плитницою Воеводы Виленского небожчика пана Яна Юревича Глебовича збудовати гуту скланую накладом своим властным ку его пожитку с которое он в кождый год по чотыриста склениц давати нам ся подвезал"[2].
Гушчыня насельніцтва па прадмесьці і пабудаваньне там фабрык прымушала гаспадарскі і мескі ўрады падбаць аб пабудове сталага мосту праз раку Вяльлю. Адсутнасьць мосту выклікала значныя страты і нявыгады, бо існаваўшыя перавозы былі небясьпечнымі і дорага каштавалі. Вялікі князь даручыў у 1526 годзе будаваньне мосту віленскаму гараднічаму Ульрыху Гозію за яго ўласны кошт. За гэта Ульрых Гозі атрымаў права зьбіраць з усіх, хто праяжджаў праз мост, устаноўленую гаспадарскім урадам плату—мастовае. Ад выплаты мастовага падатку звальнялася шляхта і духавенства. Падатак быў вызначаны наступны: ад аднаконнай падводы з дровамі, сенам і хлебам—адзін дэнары (unum denarium sive obolum); адзін дэнары плацілі ад галавы скаціны, якую гналі на кірмаш; ад аднаконнай падводы, нагружанай купецкім таварам, плацілі тры дэнары, ад параконнай -пяць дэнараў. Пасьля таго, як будаваньне мосту акупіцца, прыбыткі ад мастовага падатку часткаю павінны выдавацца на рамонт мосту і на яго ўтрыманьне ў належным парадку, а рэшта грошай павінна была аддавацца на ўтрыманьне шпіталю пры касьцёле сьв. тройцы[3]. На месцы мосту, які пабудаваў Гозі, знаходзіцца цяпер у Вільні Зялёны Мост. Апроч мосту праз раку Вяльлю былі масты па рэчцы Вялейцы. Адзін мост быў каля Бэрнардынскага манастыра, другі каля Спаскае брамы. У першай палове XVI сталецьця мескі ўрад іх перабудаваў, за што ўстанавіў плату ў адзін пенязь з кожнае падводы. Апроч гэтых мастоў, быў мост праз Вялейку каля замку, а на Шэрайкішках быў пешаходны мост[4].
На рацэ Вялейцы быў цэлы рад млыноў, якія задавальнялі патрэбы гораду. Непадалёк ад самага замку, дзе знаходзіцца цяпер так званы ботанічны сад, быў млын вялікага князя, вышэй Спаскае брамы— млын каталіцкага біскупа, на 14 паставох, на Паплавах—ваяводзінскі або Радзівілаўскі млын. Былі і іншыя прыватныя млыны.
Апроч млыноў, на рацэ Вялейцы ў 1524 годзе зьявілася паперня; яна знаходзілася вышэй на рацэ за млыном ваяводы[5]. У XVII сталецьці паперню зьнішчыў пажар і, замест яе, быў пабудаваны млын для вырабу пораху[6].
Важным пытаньнем для гораду была вада. Вады не хапала як для штодзённага ўжытку, гэтак і ў выпадках пажару. У 1535 годзе „войт, бурмистры и радцы и вси мещане места Виленского" зьвярнуліся з паклоннай да вялікага князя, „оповедаючи нам великий недостаток воды в том месте нашом, яко ку потребе их посполитой, так и в час наглое пригоды к угашенью огня на тое место". Гэтае здарэньне адбы-