злотых польскіх у год, тэта значыць тым бурмістрам трох зьмен, якія будуць займацца судовымі справамі 16 коп. грошай на год, двум радцам па тры копы грошай, а лаўнікам двум па капе грошай літоўскіх
Кожная зьмена займае сваю пасаду з вясновага Мікалая, гэта значыць з 9 траўня.
Згода магістрату 1590 году прызначае таксама двух бірчых, якія выбіраюць мескія падаткі і двух шафараў, якія хаваюць грошы і наглядаюць за зьбіраньнем падаткаў. Кожны год гадавыя бурмістры, радцы і лаўнікі, пасьля заканчэньня году, павінны здаць другой зьмене бурмістраў, радцаў і лаўнікаў скрынку мескую з прывілеямі, лістамі і кнігамі, пячаткаю мескаю і з ўсімі пісьмовымі справамі; разам з тым павінны зрабіць справаздачу аб даходах і расходах перад усім паспольствам, якое зьбярэцца ў тэты час у ратуш.
Разам з тым быў вызначан дзень для пасяджэньняў рады, а іменна, чацьверг.
Такім чынам, організацыя мескай улады, або, як казалі ў той час, магістрату, адбывалася паступова, пры чым у яе організацыі прымала некаторы ўдзел і насельніцтва.
Прывілей 1499 г. на Майдэборскае права далёка ня вырашыў усіх мескіх спраў м. Менска. Перш усяго ён ня вызначыў узаемаадносін мяшчанства да іншіых станаў грамадзянства, а таксама і да іх падданых. Хто будзе падлягаць Майдэборскаму праву і нова-організованай уладзе? Гэта пытаньне паўстала вельмі хутка і на самай практычнай аснове, на грунце нясеньня розных павіннасьцей і платы падаткаў. Перш за ўсё места сустрэлася з праваслаўнай царквою і насельніцтвам, якое жыло ў Менску на царкоўных землях.
Праваслаўная царква даўно ўжо мела ў Менску свае ўстановы— манастыры і царквы. Трудна сказаць, колькі царквей і манастыроў было ў Менску ў XV і нават у першай палове XVI ст.; ёсьць думка, што Менск, які належаў да Тураўскай эпархіі, з XII ст. стаў цэнтрам Менскага-біскупства[1]. Думка гэтая, аднак, ня мае падмацаваньня ў крыніцах, і ў XVI ст па ранейшаму Менск належыць да Тураўска-Пінскай эпархіі. На Віленскім царкоўным саборы 1509 г. ад Менску быў архімандрыт з Меньска В'знесеньский Сергей“; такім чынам можна з пэўнасьцю гаварыць аб існаваньні ў гэты час аднаго манастыра і, можа быць, некалькіх царквей, існаваньне якіх і выяўляецца ў XVI ст.
У канцы XVI ст. можна з большай або меншай пэўнасьцю гаварыць аб наступных царквах: саборнай, быўшай у замку[2], царкве «рожества пречыстое богородицы на улицы немизской стоячую"[3]; гэта царква ляжала на пляцу Радзівілаў. У пачатку XVII ст. яна сгарэла і была выбудована на тым самым месцу[4]. Затым вядомы царквы—Пятніцкая[5], Козьмадземянаўская[6], Васкрасенская, Троецкая[7]; дзе знаходзіліся апошнія царквы, невядома.
На землях царкоўных жыло ня толькі духавенства, але і многа іншага насельніцтва. Насельніцтва, якое жыло на царкоўных землях.