ўжо скардзяцца ״бурмистры и радцы и вси мешчане места Виленского" на тое, што ён ״в суды метские вступается и позвы и клятвы на нас выдаеть безвинно“. Такім чынам віленскі біскуп, маючы касьцельныя эемлі па розных местах, вядзе агрэсыўную політыку ў адносінах да мяшчан, карыстаючыся сваім высокім палажэньнем ў дзяржаве, як першы пан рады вялікага княства, і змагацца з ім месту было далёка ня так лёгка, як з праваслаўнымі мітрапалітам і біскупамі.
Насельніцтва, якое жыла на касьцельных землях каталіцкай царквы, была падуладна і падсудна толькі Віленскаму біскупу і мела асобную біскупскую юрысдыку. Пры тым высокім палажэньні, якое займаў віленскі біскуп, палажэньне гэтага насельніцтва было досыць выгоднае і яго інтарэсы пільна абараняліся каталіцкаю царквою ва ўсіх установах[1], зразумела, што лік гэтага насельніцтва павялічваецца з узмацненьнем каталіцтва на Беларусі ў другой палове XVI ст.
Насельніцтва, якое жыло на землях каталіцкай царквы, складала асобную групу, як бы места ў месце. Пры агульных справах, якія закраналі інтарэсы насельніцтва ўсяго Менска, цяжка было знайсьці спосаб іх вырашэньня ня толькі мескаму ўраду з Майдэборскім правам, але нават і агульнадзяржаўнай уладзе. Места Менскае будавалася з старажытных часоў самацёкам, без усялякага пляну. Такая бесплянавасьць была вельмі шкоднай, асабліва ў пажарных адносінах, і ўжо ў часы вялікага князя Жыгімонта Аўгуста была прызначана спэцыяльная рэвізыя для ״перенесенья на иншое местце рынку, и некоторых улиц и порадного будованьня домов“[2]. Прызначаныя Жыгімонтам Аўгустам рэвізоры не давялі па якойсьці прычыне ўпарадкаваньня вуліц і рынку. Справа паднялася ізноў у 1589 г. Рэвізорамі, якія стаялі на чале справы, былі прызначаны маршалак і староста Менскі, пан Дзімітры Скумін і ваяводзіч Берасьцейскі, пан Мартын Тышкевіч Лагойскі. Рэвізоры сустрэліся пры правядзеньні сваей працы з падданымі касьцельнымі Менскай плебаніі, якія ״межы мещаны Меньскими домами своими не порадне седять; зачым тот зачатый порадок селенья домов и переношенья рынку и улиц пристойне отправоватися не можеть". Рэвізоры для вырашэньня гэтага пытаньня зьвярнуліся да гаспадара вялікага князя. Аднак, і апошні ня можа аддаць адпаведнага загаду, а зьвяртаецца да віленскага біскупа з просьбаю, каб ״твоя милость через лист свой плебану Меньскому росказал, иж бы он всим таковым подданым костела католицкого с тых пляцов, которые бы на перашкоде будованьня места были, за росказаньем тых ревизоров наших проч зноситисе велел, никоторого в том спротивеньства паном ревизором нашым не чинечи, якобы се тым жадное затрудненьне и переказы порадному селению и будованю места нашого Меньского не деяла“[3].
Тон гаспадарскага лісту і той парадак, якім прыходзілася ісьці, каб дабрацца да касьцельных падданых, сьведчыць выразна аб іх выключным палажэньні і тых цяжкасьцях і перашкодах, якія прыходзілася мець пры зносінах з імі. Зразумела, што палажэньне магістрату, асабліва, калі ўзаемаадносіны абгойстрываліся, было яшчэ болей цяжкім; раз самадзяржаўны ўрад ідзе шляхам просьб, а не загадаў.
Апроч мяшчан пад Майдэборскім правам, насельніцтва царкоўных зямель і падданых касьцельных, у Менску жылі князі, паны і баяры шляхты, якія тым ці іншым шляхам набывалі ў месце землі і