через врад добрый а справедливый были размножены, тое место нашо Меньск с права Литовского и Руского и которое коли будеть там перво держано, у право Немецкое, которое зоветься Майтборское, переменяем на вечные часы"[1]. Такім чынам, урад лічыць, што пераменай ״тубыльных праў, якімі карысталася места да гэтага часу, на правы нямецкія, места ставіцца ў лепшыя умовы жыцьця, асабліва дзякуючы добраму і справедліваму ўраду, які організуецца нанова, па прыкладу чужаземных, нямецкіх мест. Можна думаць, што ў гэтым апошнім, а іменна, ў вызваленьні ад падуладнасьці і падсуднасьці намесьнікам дзяржаўцам, з свавольствам і драпествам якіх ня мог справіцца ўрад, і была галоўная прычына дараваньня Менску Майдэборскага права. Хоць дакумантаў аб адносінах намесьнікаў гаспадарскіх да мяшчан Менскіх з часоў перад дараваньнем Майдэборскага права і не захавалася, але можна думаць, што намесьнікі Менскія ня былі лепшымі за намесьнікаў іншых краін, тым болей, што барацьба, і досыць значная, паміж Менскам і Менскім намесьнікам разгарнулася ў XVI веку.
Гэтаму моманту звальненьня места і яго насельніцтва ад падсуднасьці і падуладнасьці агульна-дзяржаўным ураднікам прывілей удзяляе многа ўвагі і наўмысьле яго падкрэсьлівае: "и тые вси люди выймуем от права городского и боярского и отдаляем их и вечно вызволяем всих того места людей от судов и от моцей всих воевод и от панов и старост, наместников, судей и всих врадников всего великого князства Литовского так, иж перед ними, о которых кольвек речах будут позваны, на праве не будуть повинни стояти, а ни отповедать".
Места, звольненае ад тубыльнага права ״Литовского и Русского", атрымлівае новыя нормы права, якімі яно павінна карыстацца ў сваім жыцьці. ״Вставляем и даем им знову обычай, подлуг того права Майтборгского, зупольное раженье и всю уставу, отдаляючы того места вси права, встави и обычай, перво держаный, который жь тое право Майтборское нагабаюць, засмучаюць, або перашкажаюць". ״Такеж к тому месту нашому Менскому даем и записуем и дозволяем супольно тым ся правом Майтьборским судити и радити, а надо все болшое право собе зоставляем“.
Даруючы месту новае права і новую уставу, прывілей не вызначае, у чым заключалася гэтае права і ня робіць увагі, якім выданьнем яго можна карыстацца. Трэба сказаць, што ў той час яно і ня было яшчэ надрукавана і, верагодна, што вядома было ў рукапісах, бо многія месты Беларусі, як Вільня і Берасьцё ўжо доўгі час ім карысталіся. У першы раз своды Майдэборскага права былі надрукаваны на лацінскай мове Мікалаем Яськерам у 1535 г. у Кракаве, а потым—на польскай мове ў другой палове XVI веку былі многа раз выданы у апрацоўцы Барталамея Гроіцкага і Паўла Шчэрбіча. Апошнія выданьні, хоць яны ніколі ня былі зацьверджаны ўладаю, і былі тымі нормамі права і сводамі законаў, якімі карысталіся беларускія месты, у тым ліку і Менск, а таксама і дзяржаўны ўрад у мескіх справах[2].
Разам з вызваленьнем ад падуладнасьці і прысуду ваяводам, дзяржаўцам і іншым ураднікам, прывілей вызваляе Менск ад некаторых ранейшых павіннасьцей. Аднэй з цяжкіх павіннасьцяй была падводная. Места Менскае ня зусім ад яе звальняецца, але даваньне падвод Менскам абмяжоўваецца, і падводы павінны давацца, калі ёсьць загад самога гаспадара, запячатаны яго сыгнэтам.