Год V.
Вільня 25 Лістапада (Ноябра) 1910 г.
№ 48.
Наша Ніва
ПЕРШАЯ БЕЛАРУСКАЯ ГАЗЭТА З РЫСУНКАМІ
Выходзіць што тыдзень рускімі і лацінскімі літэрамі
Адрэс рэдакцыі і адміністраціі: Вільня, Віленская вуліца, д. № 20
У 25-летнюю гадаўшчыну сьмерці В. Дунін-Марцінкевіча.
Усе культурные націі вельмі шануюць памяць найбольш заслужоных сыноў сваіх і ў гадаўшчыны іх ураджэньня, сьмерці і т. п. успамінаюць іх заслугі. Такіе національные памінкі маюць вялікую вагу: асьвечаючы перэд народам жыцьцё і працу лепшых грамадзян, яны паказываюць моц і сілу ўсяе націі, каторая такіх сыноў узгадавала, развіваюць у народзе паважаньне сябе самога, будзяць національную сьведомасць, а разам з гэтым заахвочываюць кожнаго да працы для грамадзянства, даводзячы жывым прыкладам, што раней ці пазьней родны край ацэніць тую працу паводлуг справедлівасьці.
Сёлета беларускі народ спраўляе памінкі па бацьцы беларускай літэратуры — Вінцуку Дунін-Марцінкевічу, каторы зышоў у магілу 25 лет таму назад. Ня гледзячы на тое, што Марцінкевіч — гэта беларус, прыняўшый польскую культуру і жыўшый разам с польскім і апалячэным тутэйшым інтэлігентным грамадзянствам, ня гледзячы на войстрые напасьці тагочасных польскіх газэт на яго беларускіе пісаньня (глядзі аб гэтым „Dudarz Bіałoruskі“ І-ае выданьне 1857 г. у Мінску на стр. 14), песьняр наш бадай першы сьмела і