Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/110

Гэта старонка не была вычытаная

VIII

Я яшчэ памятаю гэтыя баракі ў лясным лягеры. Тут Гэмільштос выхоўваў Т’ядэна. Зараз я тут амаль што нікога ня ведаю; як заўсёды, усё зьмянілася. Толькі некаторых я бачыў раней мімаходзь.

Службу я выконваю механічна. Увечары я заўсёды бываю ў салдацкім клюбе, там ляжаць газэты, якіх я, адылі, ня чытаю, але там ёсьць рояль, на якім я ахвотна іграю. Прыслугоўваюць дзьве дзяўчыны, адна з іх маладая.

Лягер акружаны высокай драцяной агарожай. Калі мы позна зварочваемся з салдацкага клюбу, мы павінны мець з сабой пропуск. Хто ў добрых адносінах з вартай, — праходзіць, вядома, і без яго.

Паміж кустоў пад’ялынцу і бярозавым лесам мы штодня праводзім ротныя заняткі на палянцы. Гэта жыцьцё зноснае, калі не патрабаваць большага. Бяжыш наперад, кідаешся вобземлю, і ад твайго дыханьня калышуцца былінкі і кветкі на палянцы. Сьветлы пясок, калі разглядаеш яго зблізу на зямлі, чысты, як у лябораторыі, складаецца з безьлічу драбнюткіх асколкаў краменю. Міжвольна хочацца апусьціць у яго руку.

Але прыгажэй над усім лясы з сваімі бярозавымі ўскрайкамі. Яны кожны момант зьмяняюць афарбоўку. Вось ствалы, бліскаюць чысьцюткай белатой, і паміж іх шоўкавіста і лёгка гойдаецца маляўнічая зеляніна лісьця; у наступны момант усё гэта набывае водцень апалавай блакітнасьці, якая срабрыста цягнецца ад ускрайку і адціскае зелень, але ў момант яна гусьцее амаль да чарнаты, калі паўз сонца праходзіць воблака. І гэты цень бяжыць, як здань паміж аблеклых цяпер ствалоў, аддаецца пасьля па лузе да горызонту, тымчасам як бярозы ўжо стаяць нібы сьвяточныя сьцягі з белымі дрэўкамі пад чырвона-залатымі палотнішчамі, раптам пачынаючага палымнець лісьця.

Я часта захапляюся гэтай ігрой кволага сьвятла і празрыстых ценяў, настолькі, што амаль прапушчаю паўз вушы словы каманды; калі знаходзішся ў самоце, — пачынаеш назіраць прыроду і любіць яе. А ў мяне тут ня шмат знаёмых, і я ня маю асаблівай патрэбы да іх. Мы дужа мала ведаем адзін аднаго, каб рабіць што большае, чымся гандзюрыць па вечарох, гуляць у «сямнаццаць і чатыры», або звадзіць плёткі.